Ян – гэта голас, але «на пачатку было Слова» (Ян 1, 1) – Госпад. Ян быў голасам на пэўны час, а Хрыстос – адвечным Словам, якое было на пачатку.
Калі забярэш слова, чым будзе голас? Будзе пустым гукам, які не мае сэнсу. Голас без слова гучыць у вушах, але не ўдасканальвае сэрца.
Аднак паразважаем, якім чынам адбываецца ўдасканаленне нашага сэрца? Калі я думаю пра тое, што гавару, слова ўжо ёсць у маім сэрцы, але калі я хачу нешта сказаць табе, імкнуся, каб у тваім сэрцы было тое, што ўжо ёсць у маім.
Шукаючы спосабу перадаць табе і ўкласці ў тваё сэрца тое, што ўжо ёсць у маім сэрцы, я выкарыстоўваю голас і гавару табе. Гучанне голасу прыводзіць цябе да разумення слова. І калі гучанне голасу прыносіць табе разуменне слова, сам гук праходзіць, а слова, прынесенае гукам, ужо ёсць у тваім сэрцы і не пакідае майго.
А можа табе здаецца, што гук, перадаўшы табе слова, гаворыць сам праз сябе: «Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым?» (Ян 3, 30) Гучанне голасу выканала сваё служэнне і адышло, як бы кажучы: «Вось гэтая радасць мая споўнілася» (Ян 3, 29). Будзем жа трымацца слова, не пакінем слова, зачатага ў нас.
А можа думаеш, што голас праходзіць, а Божае слова застаецца? Дзе цяпер хрост Яна? Ян удзяліў яго і адышоў, а цяпер прымаюць хрост Хрыстовы. Усе мы верым у Хрыста, спадзяёмся на збаўленне ў Хрысце – гэта нам паведаміў голас.
Цяжка адрозніць слова ад голасу, таму і самога Яна лічылі Хрыстом. Голас палічылі словам, але голас засведчыў пра сябе, каб не пашкодзіць слову. Ён сказаў: «Я не Месія, і не Ілля, і не прарок». Тады ў яго спыталіся ў адказ: «Дык хто ж ты?» Ён адказаў: «Я голас таго, хто кліча ў пустыні: “Раўняйце дарогу Госпаду”». Голас таго, хто кліча ў пустыні (пар. Ян 1, 20-23), голас, які разрывае цішыню. «Раўняйце дарогу Госпаду» – значыць, я гучу для таго, каб прывесці Госпада ў вашыя сэрцы, але Ён не прыйдзе, калі не падрыхтуеце Яму дарогу.
Што ж значыць «раўняйце дарогу», як не тое, каб адпаведна маліцца? Што ж значыць «раўняйце дарогу», як не тое, каб стаць пакорным? Ад самога Яна Хрысціцеля вазьміце прыклад пакоры. Яго лічылі Месіяй, але ён сказаў, што не з’яўляецца тым, кім яго лічаць, і не выкарыстаў памылку іншых для пацвярджэння сваёй важнасці.
Калі б ён сказаў: «Я Хрыстос», – як бы лёгка яму паверылі, бо ў гэта верылі яшчэ да таго, як ён адмовіўся, кажучы, кім ёсць, прынізіўся і не раўнаўся з Хрыстом.
Ян бачыў, адкуль паходзіць збаўленне. Ён разумеў, што з’яўляецца светачам, і баяўся, каб не згасіць яго подыхам пыхі.
Св. Аўгустын