Пачатак красавіка 2023-га, Усход Украіны (недзе паміж Славянскам і Краматорскам). Дарога ляжыць праз…

Пачатак красавіка 2023-га, Усход Украіны (недзе паміж Славянскам і Краматорскам). Дарога ляжыць праз блокпост і таму па нашаму запыту са штаба батальёна “Волат” нам скінулі паролі.

Слова-пароль для гэтай мясцовасьці сёння – “Галявина”.

Едучы па дарозе, вучымся яго правільна вымаўляць:

– Галя-Вы-На, – каб лепш запомніць падзяліў я.

Пад’язджаем да блокпаста.
– ГалявынА, – з націскам на апошні склад вымаўляю я вайскоўцу.

– Не тое, – адказвае ён.

Мы пачынаем шукаць сярод пароляў дзе мы памыліліся і спрабуем іншы:
– Чараўніца!
– Проїжджайте! – прапусціў нас вайсковец.

“Я(гайло)” пераблытаў начны і сённяшні паролі, уносячы іх у Excel-табліцу”, – вырашылі мы і паехалі далей…

Вярталіся мы ўжо на дзвюх аўто.

Ваяр і Д(жон) ехалі наперадзе. Яны кураць, а мне больш да спадобы свежае паветра.

І вось на блокпасце мы спыняемся. Ваяр з Д(жонам) праязджаюць. Але я не бачу звычайнага ўзмаху рукой ад вайскоўца на блокпасту: першае аўто звычайна ведае пароль, называе яго і папярэджвае, што аўто сзаду – гэта разам з ім.

“Забыліся папярэдзіць”, – зразумеў я і пачаў успамінаць які ж там пароль быў.

– Чараўніца! – сказаў я вайскоўцу.
– Не правильно.

Я ад’язджаю ў бок, спыняюся, набіраю Д(жону).

– Галявина, – кажа мне Д(жон). Чуваць як Ваяр ржэ – не можа – яны, як аказалася, проста загаварыліся і забыліся папярэдзіць вайскоўца пра мяне.

– “ГалявынА”, – кажу я вайскоўцу.
– Не так.
– Чараўніца!
– Ні. Цей пароль був вночі. Тепер все інакше.
– “ГалявынА”, – зноў называю я пароль, які мне кажа ў трубку Д(жон).
– Правильно, проїжджайте, – адказаў мне вайсковец.
– Я ж называў такі, – у непаразуменні адказаў я.
– Так? – Мабуть, не чув, – засумняваўся вайсковец.

Я шчасна мінуў блокпост. Прыбылі ў месца прызначэння. Д(жон) сказаў, што яны з Ваяром загаварыліся і зусім забылі папярэдзіць вайскоўца.

– Кусь, добра што цябе не растралялі на блокпасту з тваім беларускім акцэнтам (пры вымаўленні ўкраінскіх слоў), – не мог стрымаць смеха Ваяр.

Насамрэч, правільна вымаўляць “галЯвына”. Украінскі вайсковец проста не зразумеў мае вымаўленне. Але чаму ў той бок нас прапусцілі па “чараўніцы” – невядома. Мабыць памыліўся вайсковец, які стаяў на тым напрамку.

* Галявина (укр.) – лужок (бел.)