Да просьбы аб адпушчэнні правінаў Хрыстос выразна дадаў як бы закон, які абавязвае нас умовай і абяц…

Да просьбы аб адпушчэнні правінаў Хрыстос выразна дадаў як бы закон, які абавязвае нас умовай і абяцаннем, каб мы прасілі адпушчэння правінаў у такой ступені, у якой мы самі адпускаем іх нашым вінаватым. Нам трэба памятаць, што мы не можам атрымаць прабачэнне грахоў, калі самі не прабачым нашым вінаватым. Таму Госпад у іншым месцы кажа: «Якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана» (Мц 7, 2). Слуга, якому гаспадар дараваў увесь доўг, быў кінуты ў вязніцу, бо не хацеў дараваць свайму саслузе. Паколькі не хацеў быць добрым да саслугі, страціў тое, што перад гэтым атрымаў ад гаспадара.

Тое самае з усёй сур’ёзнасцю яшчэ мацней паўтарыў Хрыстос у сваіх наказах: «І калі стаіце на малітве, − кажа, − даруйце, калі што маеце супраць каго-небудзь, каб і Айцец ваш, Які ў нябёсах, дараваў вам правіны вашыя» (Мк 11, 25). У дзень суда не знойдзеш ніякага тлумачэння, бо будзеш асуджаны сваім уласным судом і ў сабе спазнаеш тое, што ўчыніў іншаму.

Бог пастанавіў, каб у Яго доме жылі годныя людзі, поўныя спакою і аднадушнасці. Хоча, каб мы засталіся такімі, якімі Ён учыніў нас праз паўторнае нараджэнне, каб як дзеці Божыя мы трывалі ў Божым спакоі, каб маючы адзін дух, мелі таксама аднолькавыя думкі і пачуцці. Менавіта таму Бог не прымае ахвяры чалавека, які жыве ў нязгодзе. Такому раіць адысці ад ахвярніка і паяднацца спачатку са сваім братам, каб малітвы, якія ўзносяцца ў міры, былі прынятыя Богам. Найбольшай ахвярай для Бога з’яўляецца наш мір, братэрская згода, народ, з’яднаны еднасцю Айца, Сына і Духа Святога.

Калі Абэль і Каін як першыя прыносілі ахвяру, Бог не глядзеў на дары, але на іх сэрца. Таму любы быў Богу дар таго, чыё сэрца было мілым. Абэль, чалавек міру і справядлівасці, сваёй ахвярай, прынесенай Богу ў праведнасці сэрца, павучыў іншых, што калі прыносяць свой дар, павінны наблізіцца да алтара з Божым страхам, у прастаце, захоўваючы запаведзі, жывучы ў згодзе. Абэль сам хутка змог стаць ахвярай для Бога. Поўны міру і справядлівасці Хрыстовай як першы мучанік распачаў трыумфам сваёй крыві Муку нашага Госпада. Такія атрымаюць узнагароду ад Госпада, такія разам з Госпадам атрымаюць справядлівасць у дзень суда.

Той, хто жыве ў нязгодзе і непрыязнасці, хто не захоўвае міру з братамі, калі нават − паводле словаў Апостала і Святога Пісання − быў выдадзены на смерць, бо насіў імя хрысціяніна, не можа пазбегнуць абвінавачвання ў братняй нязгодзе. Бо напісана: «Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, той чалавеказабойца» (1 Ян 3, 15). Забойца ж не можа ўвайсці ў Божае Валадарства і жыць з Богам. Не можа разам з Хрыстом быць той, хто хацеў наследаваць Юду, а не Хрыста.

Св. Кіпрыян