Урочышча Курапаты – незагойная рана на целе Беларусі. Менавіта тут ляхаць ахвяры, якія ў 1930-я забілі савецкія камуністы. І ахвяр не дзясяткі ці сотні, а тысячы.
Савецкая адміністрацыя старанна хавала сваё злачынства, але, праўда пра Курапаты ўсё ж стала вядома грамадскасці, у тым ліку дзякуючы артыкулу Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога смерці”.
Пачынаючы з канца 1980-х беларусы ўшаноўвалі памяць бязвінна загінулых суайчыннікаў: ладзіліся шэсці ды жалобныя акцыі. У Курапатах з’явіўся мэмарыял ахвярам сталінскіх рэпрэсій.
Шмат змянілася са станаўленнем лукашэнкаўскай сістэмы, бо новаабраны прэзідэнт Беларусі цалкам падзяляў погляды сваіх савецкіх папярэднікаў, сам з’яўляючыся homo sovieticus. Курапаты пачалі накрываць хвалі вандалізму, якія ладзіліся пры садзейнічанні Лукашэнка і яго вертыкалі – прарасейскаму неасавецкаму рэжыму перашкаджае памяць аб злачынствах саветаў. Супрацьстаянне ўлады і свядомай часткі грамадства цягнулася дзесяцігоддзямі. І беларусы нястомна баранілі месца памяці.
У Курапатах была арганізавана свая варта, дзе актывісты сачылі за парадкам і падтрымлівалі мемарыял у належным стане, негледзячы на тое, што праз гэта можна было займець праблемы з міліцыяй.
Прыйшоў 2020 год, які змяніў ня толькі лёсы беларусаў, але і стан Курапатаў. Пасля масавых арыштаў і затрыманняў, частка абаронцаў мемарыялу апынулася за кратамі, частка – у вымушанай эміграцыі. Месца журбы засталося без нагляду. Зараз лукашэнкаўскія вандалы адчулі сябе гаспадарамі ў Курапатах. Вынік: зламаныя крыжы, адсутнасць парадку і занядбанне.
Гісторыя паўтараецца ня толькі з ахвярамі, але і з іх катамі. Менавіта пра гэта павінны дбаць тыя, хто зараз лічыць сябе ўладай.