Чаго ў нашага народа не адняць – любім есці адзін аднаго, з прычыны і без. І вось пакуль узгадвалі…
Ну што тут можна сказаць. Каб зразумець, у якім стане старонка, дастаткова пачытаць статыстыку па прысудах ад праваабаронцаў. Ці, напрыклад, навіны: вунь на днях чалавека арыштавалі за абразу лукашэнкі ў прыёмным пакоі уздзенскай раённай бальніцы. Нармальна так людзям не замінае рэжым.
У 2020 г не важна было, колькі табе гадоў, колькі ў цябе грошай, кім працуеш, якую маеш адукацыю, мужчына ты ці жанчына, гей ці натурал, вернік ці атэіст. І дакладна не важна было, каго ты слухаеш – Каржа, ці Вольскага, ці Gods Tower, ці Naviband, ці Кацярыну Ваданосаву (дарэчы, ніхто з гэтых музыкаў – і Корж таксама – не мае магчымасці выступаць зараз у Беларусі). Усе мы розныя, і гэта нармальна. Усе гэтыя адрозненні – проста адрозненні, яны не такія прынцыповыя, каб падзяляць грамадства. А грамадства тады адчула фантастычную еднасць.
Апошнія пяць гадоў змянілі і Беларусь, і свет, але наша еднасць і наша салідарнасць не змяніліся. Не так шмат беларусаў выходзяць на акцыі за мяжой, бо людзі баяцца за родных у Беларусі, ці баяцца страціць маёмасць. Але ж выходзяць! У некаторых гарадах акцыі праходзяць кожны тыдзень. А калі хто не выходзіць, бо не бачыць у гэтым вялікага сэнсу, – дык гэта не значыць, што ён нічога не робіць, і што старонка перагорнута.
Бо беларускія музыкі збіраюць поўныя залі, і беларускія выставы з поспехам праходзяць за мяжой, і беларускія выдавецтвы жывуць і працуюць у эміграцыі. Усё гэта важна.
А яшчэ, калі трэба дапамагчы чалавеку ў бядзе – усе збіраюцца і дапамагаюць. Гэта галоўнае.
Мы стаміліся за пяць гадоў, але не трэба шукаць зараз дробязі, якія нас падзяляюць, бо яднаюць нас больш важныя рэчы.
Жыве Беларусь!