Студзень, сакавік, жнівень і снежань? А можа стычань, марац, серпень і грудзень? Мы з дзяцінства вед…
Мы з дзяцінства ведаем, што восьмы месяц года – гэта жнівень. І ў нейкі момант прыходзіць здзіўленне ад асэнсавання таго, што ў іншых славянскіх мовах гэта серпень або аўгуст. А жнівень існуе толькі ў беларусаў!
Як так атрымалася, што ў нас не серпень?
Насамрэч, у беларускіх тэкстах «серпень» сустракаецца ўжо ў XVI-XVIII стагоддзях. Так у сваіх кнігах называў гэты месяц Францыск Скарына. Таксама «серпень» згадваецца ў «Храналогіі» А. Рымшы (1581 год) і ў «Дзённіку» Фёдара Еўлашоўскага (1603-1604). Так месяц і называлі да пачатку ХХ стагоддзя.
Першае задакументаванае ўжыванне слова «жнівень» як назвы месяца адносіцца да 1912 года. Менавіта тады ў газеце «Наша Ніва» ў календары ўпершыню прапанавалі варыянт «жнівень». Толькі не ўспрымайце гэта так, быццам «Наша Ніва» штосьці прыдумала і навязала астатнім. У пачатку ХХ стагоддзя ў беларускім культурніцкім асяроддзі была тэндэнцыя на выпрацоўку беларускіх назваў для ўсяго. Людзі хацелі выпрацаваць свае адметныя назвы, абапіраючыся на жывую народную мову, а не на кальку з расейскай ці польскай мовы. Максім Гарэцкі нават пісаў:
«Калі ёсць дзе ў кутках Беларусі […] добры тэхнічны тэрмін, які не ведаюць усе беларусы, дык іх варта ўвясці ў нашую літаратурную мову, чым пазычаць у суседзяў».
Таму назвы месяцаў прайшлі ў «Нашай Ніве» доўгі шлях. Напрыклад, першы месяц года ў 1907 годзе называўся «январ» і «стычань», у 1908 – «стычань», а з 1910 – «студзень». Трэці месяц года ў 1907-1909 называўся «марац», а ў 1910-1912 – ужо «сакавік».
Такія ж стадыі праходзілі «апрыль», «апрэль» і «красавік», «май» і «травень», «юнь» і «чэрвень», «ліпец», «юль», «ліпень» і нават «жыцень». Вось і жнівень прайшоў вялікі шлях да сваёй сучаснай назвы ад «аўгуста» і «серпня». А яшчэ былі «сенцябр» і «верасень», «акцябр» і «кастрычнік», «наябр» і «лістапад», «грудзень», «дзекабр» і «снежань».
У календары на 1912 год «Наша Ніва» прывяла беларускія назвы з тлумачэннямі: студзень – дужа сцюдзёна, сакавік – дрэвы пачынаюць сок пускаць, жнівень – усюды жніво, кастрычнік – ад кастры, снежань – ад снегу.
Вось так наш календар і атрымаў той сучасны выгляд, да якога мы прывыклі.