На царкоўнай мове суцэльны тыдзень называецца “ўсяеднай сядміцай” або “паспалітай”, гэта значыць тыднем, у якім усім вернікам дазваляецца есці мясныя стравы нават па серадах і пятніцах. Гаворым і пра сераду, бо раней у гэты дзень таксама быў пост.
Час чатырох перадпосных нядзель прыкметны менавіта тым, што паміж Нядзеляй мытніка і фарысея і Нядзеляй блуднага сына выпадае суцэльны тыдзень.
Гісторыя суцэльных тыдняў бярэ пачатак з першых стагоддзяў хрысціянскай веры. З даўніх часоў у Царкве быў звычай не пасціцца ў пэўныя дні ці нават цэлыя тыдні па асаблівых прычынах. Гэтая практыка пачалася са святочных дзён, якія выпадалі на сераду ці пятніцу. З часам для большага шанавання самага старажытнага і самага вялікага свята, якім з’яўляецца свята Уваскрасення Хрыстова, пачалі не посціць ад Вялікадня аж да Зыходу Святога Духа, гэта значыць увесь час, які мы называем Пяцідзесятніцай.
Такіх святаў, якія маглі б прыпасці на сераду ці пятніцу, у першыя стагоддзі было вельмі мала. Акрамя святаў Вялікадня і Сёмухі, былі яшчэ свята Богаз’яўлення і Нараджэння Хрыстова. Гэтае апошняе свята адзначалася ва Усходняй Царкве ў адзін дзень з Богаз’яўленнем да другой паловы IV стагоддзя. Святы Эпіфаній Кіпрскі († 403 г.) кажа пра адсутнасць посту на Богаз’яўленне: “Таксама недарэчна посціць на Богаз’яўленне, калі наш Госпад нарадзіўся ў целе, нават калі яно прыпадае на сераду ці пятніцу”.
Калі ж паступова пачалі рабіцца звыклымі іншыя Гасподскія святы, то і ў гэтыя дні не захоўвалі пост, калі яны прыпадалі на сераду ці пятніцу. За прыкладам суцэльнага тыдня, які быў пасля Вялікадня, з’яўляецца таксама суцэльны тыдзень і пасля Хрыстовага Нараджэння аж да Богаз’яўлення. Гэты калядны суцэльны тыдзень называлі “дванаццацідзёнам”, а па-грэчаску “додакамеронам”, бо ён працягваўся 12 дзён.
Пасля Эфескага сабора ў 431 г. пачалі з’яўляцца Багародзічныя святы, у такія дні пост не практыкаваўся, нават калі яны прыпадалі на сераду ці пятніцу. Нарэшце і ў некаторыя святы вялікіх святых таксама пачалі адмяняць пост.
Да вышэйзгаданых суцэльных тыдняў далучаецца яшчэ тыдзень ад Нядзелі мытніка і фарысея да Нядзелі блуднага сына. Маючы ўжо больш суцэльных тыдняў, пост быў адноўлены на час Пяцідзесятніцы, а велікодны суцэльны тыдзень быў абмежаваны адным тыднем, гэта значыць ад Вялікадня да Нядзелі Тамаша. Так трывае і да нашага часу.
Царква, рыхтуючы вернікаў да Вялікага посту, дазваляе спажываць мясныя стравы ў тыдзень пасля Нядзелі мытніка і фарысея нібы насуперак ганарліваму фарысею, які хваліўся сваім постам два разы на тыдзень.