Іншы наракае, што, калі ён прыходзіць памаліцца ці скласці ахвяру Святой Літургіі, адразу лезуць яму ў галаву тысячы справаў, якія адрываюць яго ад Бога. Але перш чым увайшоў у хор, перш чым распачаў Святую Літургію, што рабіў, як рыхтаваўся, якія выкарыстаў сродкі, каб захаваць засяроджанасць?
Хочаш, каб я цябе павучыў, як дасканаліцца ў дабрадзейнасці, як наступным разам, калі быў засяроджаны ў хоры, захаваць яшчэ большую ўвагу, а тваю малітву зрабіць яшчэ больш мілай Богу? Паслухай, што я скажу. Калі промень Божай любові ўжо заяснее ў табе, не імкніся адразу адкрыць яго, не выстаўляй яго на вецер. Пільнуй агонь, каб не згас і не згубіў цяпла. Гэта значыць, уцякай, – так далёка, як можаш, – ад няўважлівасці, трывай у сузіранні перад Богам, пазбягай пустых размоў.
Табе даручана абвяшчаць і навучаць? Вучы і сам удасканальвайся ў тым, што неабходна для выканання гэтай паслугі; перадусім імкніся прапаведаваць жыццём і справамі, каб іншыя не смяяліся з тваіх словаў і не ківалі галавой, калі ўбачаць, што ты прапаведуеш адно, а робіш другое.
Ты пастыр? Не імкніся з гэтай прычын занядбоўваць сябе і не раздавай сябе ўсім навокал, каб табе зусім нічога не засталося. Бо ты павінен памятаць пра душы, якія ты вядзеш, але не так, каб забыцца пра сваю.
Памятайце, браты, што нішто так не патрэбна людзям Царквы, як разважанне. Яно апярэджвае ўсе нашыя справы, спадарожнічае ім і ідзе за імі. «Буду спяваць, – кажа прарок, – і разважаць» (пар. Пс 101 [100], 1-2). Калі ўдзяляеш таінствы, думай, браце, пра тое, што робіш. Калі служыш Святую Літургію, падумай, што ахвяруеш. Спяваеш у хоры, задумайся, з кім размаўляеш і пра што кажаш. Калі ты кіраўнік душ, памятай, чыёй крывёю яны былі ачышчаныя, і «ўсё ў вас няхай робіцца ў любові» (1 Кар 16, 14). Так мы лёгка зможам пераадолець незлічоныя перашкоды, якія нас сустракаюць кожны дзень (бо дзеля гэтага мы і пастаўлены) і атрымаем сілу нараджэння Хрыста ў нас саміх і ў іншых.
Св. Караль Барамей