«Вы святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы светач, не ставяць яго пад пасудзінай, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме» (Мц 5, 14-15). Соллю зямлі Госпад назваў сваіх вучняў, таму што нябеснай мудрасцю яны прыпраўляюць, вяртаючы свежасць, сапсаваныя д’яблам людскія сэрцы. Называе іх таксама святлом свету, таму што яны асветленыя Ім самім, праўдзівым і вечным святлом. І цяпер яны самі становяцца святлом у змроку.
Паколькі Хрыстос – гэта святло справядлівасці, Ён справядліва называе таксама сваіх вучняў святлом свету, бо праз іх, быццам праз зіхоткія промні, напаўняе ўвесь свет святлом свайго пазнання; калі паказалася святло праўды, у людскіх сэрцах рассеялася цемра памылкі.
Праз іх і мы, асветленыя, з цемры сталі святлом, як кажа Апостал: «Калісьці вы былі цемрай, а цяпер вы святло ў Госпадзе. Паступайце, як дзеці святла» (Эф 5, 8). І зноў: «Вы сыны не ночы і змроку, але святла і дня» (пар. 1 Тэс 5, 5).
Слушна і святы Ян засведчыў у сваім Пасланні: «Бог ёсць Святло» (1 Ян 1, 5), а той, хто знаходзіцца ў Богу, знаходзіцца ў святле, як і Ён ёсць у святле. Таму, паколькі мы радуемся свайму вызваленню са змроку памылак, мы павінны заўжды паступаць як дзеці святла. Таму Апостал кажа: «Сярод іх ззяйце, як светачы ў свеце, верна трымаючыся слова жыцця» (пар. Флп 2, 15-16).
Калі мы не зробім гэтага, тады акажацца, што сваёй нявернасцю, быццам покрывам, мы засланяем і зацяняем такое неабходнае і карыснае святло на шкоду нам самім і іншым. Таму мы і чытаем добра вядомую прыпавесць пра чалавека, які змарнаваў талент, дадзены яму для таго, каб атрымаць выгаду нябеснага жыцця: замест таго, каб зарабіць на ім, чалавек схаваў талент і панёс за гэта заслужанае пакаранне.
Таму той яркі светач, запалены для карысці нашага збаўлення, павінен заўсёды свяціць у нас. Бо мы маем светач нябеснай запаведзі і духоўнай ласкі, пра якія казаў Давід: «Слова Тваё – светач для маёй нагі і святло для маёй сцежкі» (пар. Пс 119 [118], 105). Пра гэта кажа і Саламон: «Бо наказ Закону – гэта светач» (пар. Прып 6, 23).
Як бачна, мы не можам засланяць светач Закону і веры, але для збаўлення многіх яго трэба змясціць у Царкве быццам на свечніку, каб мы самі карысталіся святлом самой праўды і каб яно асвятляла ўсіх вернікаў.
Св. Храматый