Міністр замежных спраў Даніі – Ціханоўскай: «Мы працягнем выдаваць візы беларусам»
На сустрэчы з міністрам замежных спраў Даніі Епэ Кофадам Святлана Ціханоўская распавяла пра пераслед прафсаюзных лідараў і спробы ўладаў закрыць усе прафсаюзы. Таксама абмеркавалі сёмы пакет санкцыяў, куды Ціханоўская прапанавала ўключыць дэпутатаў лукашэнкаўскага парламенту – тых, што галасавалі за рэпрэсіўныя законы, у тым ліку за смяротнае пакаранне. Міністр запэўніў Ціханоўскую, што Данія не падтрымлівае ідэю зняцця санкцыяў з рэжыму Лукашэнкі ўзамен на транзіт зерня з Украіны.
Епэ Кофад праінфармаваў, што Данія працягне падтрымліваць беларускія культурныя ініцыятывы ў межах дацкага Новага фонду дэмакратыі і фінансаваць Міжнародную платформу па прыцягненні вінаватых да адказнасці. Платформа ўжо сабрала 13 000 доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, і плануе сабраць да 20 000 дакументаў да канца года. Гэтыя дакументы павінны дапамагчы міжнародным судам і судам у свабоднай Беларусі пакараць вінаватых.
Ціханоўская звярнула ўвагу на тое, што Данія пару тыдняў таму спыніла выдачу візаў для беларусаў, і папрасіла аднавіць выдачу візаў для беларусаў. Міністр запэўніў, што візы працягнуць выдаваць – зараз шукаюць магчымасці выдачы візаў у Мінску, а пакуль беларусы могуць звяртацца па візы ў іншых краінах. На старонцы дацкага МЗС з’явілася інфармацыя, што беларусы ўжо зараз могуць атрымаць дацкія візы ў дацкіх консульствах іншых краінаў.