#граматыкаУ нескладовае. Прыгадаем, як і калі ўжываць унікальную літару беларускага алфавітаЎ – гэта…

#граматыка

У нескладовае.

Прыгадаем, як і калі ўжываць унікальную літару беларускага алфавіта

Ў – гэта літара, якая абазначае зычны гук і пiшацца, згодна з беларускiм лiтаратурным вымаўленнем, толькі пасля галосных.

У → Ў
У чаргуецца з Ў у пачатку слова: сонца ўзыдзе, хацела ўзяць, ва ўніверсітэце. Пасля двукосся і злучка ў будзе ў адпаведнай пазіцыі захоўвацца, паколькі ні двукоссе, ні злучок (а таксама квадратныя дужкі) – не знакі прыпынку: супрацоўнікаў “Аліварыі” ўзнагародзілі паездкай у санаторый, жанчына-ўрач. Дарэчы, такі папулярны цяпер 🙂 смайлік усё ж лічыцца знакам прыпынку, і пасля яго у не скарачаецца.

У сярэдзіне слова пасля галосных перад зычнымі у звычайна таксама пераходзіць у ў: паўза, фаўна, саўна, аўкцыён. Трэба запомніць, што у не пераходзіць у ў у запазычаных словах, якiя заканчваюцца на -ум, -ус: акварыум, атрыум, радыус, страус, соус i вытворных ад iх. У складовае таксама захоўваецца ў запазычаннях, калі стаіць пад націскам: Люблінская у́нiя, беларускі у́зус, новыя у́нты, тэýрг, дэміýрг. У канцы запазычаных слоў ненацiскное у таксама не скарачаецца: ток-шоу, Бернард Шоу, фрау. У пачатку геаграфічных назваў і ўласных імёнаў ужываецца толькі вялікая літара У: ва Украіне, да князя Усяслава. Выключэнне складаюць уласныя назвы кшталту Галерэя “Ў”.

Калі ж усю назву мы запісваем вялікімі літарамі, то тут будуць дзейнічаць агульныя правілы: БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ. А вось у літарных ці гукавых абрэвіятурах У скарачацца не будзе: РУУС, БДЭУ (але саўгас, Саўмін).

У паэтычнай мове ўжыванне ў можа не адпавядаць агульнаму правілу ў выпадку, калі нясе фанетыка-інтанацыйную нагрузку, а таксама для захавання рытму і рыфмы. Напрыклад, у паэме “Курган” Янкі Купалы бачым:

Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,
Дрэмле памятка дзен, што ў нябыт уцяклі, –
Ўдзірванелы курган векавечны.
Дуб галлё распусціў каранасты над ім,
Сухазелле у грудзі ўпілося….

В → Ў

Ў можа таксама ўтварацца на месцы этымалагічнага в: грыва – грыўка, крыві – кроў, любові – любоў, Аўстрыя, Каўказ. Выключэнні складаюць геаграфічныя назвы, дзе в захоўваецца: у В’етнаме, войска В’етконга, рака Влтава.

Л → Ў

Нескладовае ў таксама можа ўтварацца з этымалагічнага л у канцы слова і перад зычнымі гукамі: была – быў, чытала – чытаў, поўны, коўзкі, воўк, шоўк. Але тут трэба запомніць, што л ніколі не пераходзіць у нескладовае ў:

на канцы назоўнікаў мужчынскага роду назоўнага склону адзіночнага ліку: стол, кол;
на канцы назоўнікаў жаночага роду роднага склону множнага ліку: школ, скал;
у сярэдзіне слова, калі можа з’явіцца беглы галосны: галка – галак, палка – палак;
у словах іншамоўнага паходжання кшталту салдат, балкон, Алжыр.