Мянушкі людзей
Калі імя даецца дзіцяці бацькамі пры нараджэнні, прозвішча перадаецца ў спадчыну, а псеўданім прыдумляецца самім чалавекам, дык мянушка звычайна даецца чалавеку цягам жыцця іншымі чальцамі калектыву (школа, універсітэт, праца, турма, суседзі, аднавяскоўцы), часта насуперак жадання самога чалавека. Мянушкі ўзнікаюць і часцей існуюць пераважна ў вусным маўленні і падкрэсліваюць нейкія індывідуальныя асаблівасці чалавека, вылучаюць яго з натоўпу. У адрозненне ад імені мянушка амаль заўсёды эмацыйна афарбаваная. Прычым, паводле даследаванняў, мянушкі з адмоўнай канатацыяй у значнай ступені пераважаюць над мянушкамі нейтральнымі і, што зусім ужо рэдка, станоўчымі. Таму мянушкі звычайна ўжываюць у дачыненні да трэцяй асобы (за вочы), рэдка – у твар.
Мянушка – самае старажытнае з найменняў чалавека. У паганскія часы мянушка выкарыстоўвалася ў функцыі імені і адлюстроўвала нейкія прыкметы, дзеянні, аб’ект знешняга свету. Перадусім гэта было звязана з той магічнай функцыяй, якой старажытныя людзі надзялялі імя чалавека. Яно мусіла адпалохаць ці падмануць злых духаў, хваробы, смерць (Воўк, Мядзведзь, Вавёрка, Сабачы Хвост, Някрас, Хвароша, Няўзор, Няклюд). Дарэчы, з гэтым вераваннем быў звязаны таксама старажытны абрад “падмены”, калі бацькі выносілі дзіця з хаты, а затым чужы чалавек заносіў яго назад, нібыта іншае дзіця, і віншаваў бацькоў з нованароджаным, якому адразу давалі новае імя (Нянаш, Нянаша, Нясвой, Найдзёна). Імёны-мянушкі маглі таксама паказваць чаканасць або нечаканасць з’яўлення дзіцяці (Ждана, Жадан, Дораг, Мілуша, Люба; Няждан, Бяда, Не́люб, Нялюба, Няміл), а таксама час нараджэння (Зіма, Вясна) ці парадак з’яўлення ў сям’і (Пяршак, Аўторак,Трацяк).
Пасля прыняцця хрысціянства шырока ўжывальнымі сталі грэчаскія і рымскія імёны. Аднак, паколькі іх значэнне не было зразумелае людзям, яны яшчэ працяглы час паралельна з “афіцыйным” кананічным імем ужывалі “хатняе” паганскае імя, якое мела празрыстую форму. З цягам часу магічная функцыя імені старачвалася, і сувязь гукавай абалонкі імені з ягоным значэннем паступова знікала.
Аднак многія старажытныя мянушкі не зніклі цалакам, а сталі асновай для беларускіх прозвішчаў і такім чынам дайшлі да нас (Кулак, Рудак, Галавень, Бірук, Вол). Сярод іх таксама былі і сямейныя мянушкі, якія пераходзілі ад бацькоў да дзяцей (Каваль – Кавалёў, Кавальчук, Кавалец, Кавальскі). Яны маглі адрознівацца ў залежнасці ад полу і ўзросту: бацька Ганчар, жонка Ганчарыха, сын Ганчарык.
Такім чынам, з распаўсюдам хрысціянства і выцясненнем паганства мянушкі перастаюць быць тоеснымі імёнам, але працягваюць існаваць паралельна з імі. Цікавая традыцыя ўжывання мянушак у Вялікім Княстве Літоўскім, дзе іх мелі многія князі: Трайдзень Хіжы (мянушку атрымаў ад ворагаў), Жыгамонт Стары (мянушку атрымаў таму, што яшчэ пры жыцці дамогся каранавання ў пераемнікі свайго 10-гадовага сына Жыгамонта ІІ Аўгуста), Аўгуст Моцны (з прычыны фізічнай сілы), Радзівіл “Сіротка” (падчас прыёмаў, калі ўсе бавіліся, нібыта заставаўся адзін у пакоі і плакаў як сірата), Юрый Радзівіл Геркулес, яго сыны Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны (па колеры барады), Караль Станіслаў Радзівіл “Пане Каханку” (паводле яго ўлюбёнага звароту да ўсіх). Прасачыць ужыванне мянушак побач з імёнамі і прозвішчамі ў ВКЛ можна па Метрыках, якія ўключалі рознага кшталту юрыдычна-рэгістрацыйныя тэксты.
Далей чытайце тут: https://www.movananova.by/zaniatki/zanyatki-153/teoryya-i-praktyka-movy-myanushki-lyudzej.html