​МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧПакуль новыя лісты ад Мікалая Статкевіча не прапускаюць, троху храналогіі яго жыцц…

МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ
Пакуль новыя лісты ад Мікалая Статкевіча не прапускаюць, троху храналогіі яго жыццчя за кратамі са старых лістоў. Як заўсёды з гумарам, цяплынёй ды неймаверным душэўным спакоем і моцам.

Ліст ад 09.08.22 г.
У мяне ўсё нармальна. Зараз ужо засвоіўся ў адзіночцы. Яе апісанне са слоў сукамернікаў па ШІЗА цалкам адпавядае сапраўднасці. Толькі сцены сухія. Прынамсі, пакуль. Ды сама камера па вакно заглыбленая ў зямлю. Вельмі зручна назіраць рух па асноўнай пацучынай магістралі пад вакном 🙂 [на той момант я ўспрыняла гэта, як метафару, М.А. ]

Ліст ад 12.08.22г.
З’явілася свая “гаспадарка”. Уваход у ваконную нішу з боку галоўнай пацучынай магістралі зараз вельмі лёгкі. І спачатку за ежай наведваўся адзін тоўсты і важны пацук, які, не павітаўшыся і не папрасіўшы, проста правяраў, ці паклаў я яму што-небудзь за краты. Не дачакаўшыся, і каб казырнае месца не прападала, гэты пацук прывёў туды дзевачку. Заляцанні скончыліся скандалам і да мяне стала наведвацца толькі гэтая дзевачка – ахайная, з белымі бакамі і чорнай спіной. Яна і віталася, і прасілася, але я трымаўся, пакуль тая не прывяла з сабой сваё дзіцятка. Прыйшлося паддацца гэтай цынічнай маніпуляцыі. Цяпер яны прыходзяць пастаянна. 🙂

Ліст ад 15.08.22г.
У мяне ўсё нармальна. Адчуваю сябе добра. Ужо цалкам прызвычаіўся да адзіночкі і яе звышкампактнасці. 🙂 Праўда, пацучыная “гаспадарка” ўвесь час спрабуе вырасці. Вось і зараз у ваконнай нішы дзве мамкі і цэлая куча малых. У мяне падазрэнне, што яны гэтых малых адна адной пазычаюць, каб націснуць на мае пачуцці 🙂 Я трымаюся. Пакуль 🙂

Ліст ад 19.09.22г.
У ваконнай нішы, як я зразумеў, галубы гадуюць сваё птушанё. Гэта ўжо падлетак, толькі разы ў паўтары меньшы за дарослага голуба. Але, як я прачытаў у вераснёўскім нумары “Вокруг света”, паляцець ён павінен адразу, як дасягне “дарослых” памераў. Адтуль жа даведаўся, што галубы кормяць сваіх птушанят “птушыным малаком” – таарожнай масай з зоба.
Пацучыныя дзевачкі перыядычна прарываюцца да камерных кратаў, хоць гэты падлетак іх не пускае, малоціць крыламі. Ніяк не могуць скарыцца са стратай крыніцы харчавання 🙂 .
[Мікалая перавялі ў камеру паверхам вышэй, а “дзевачкі” і туды забіраюцца, як я разумею. Мабыць, разам з “пераходзячым” дзіцёнкам )) ]

Ліст ад 29.09.22г.
Зараз ізноў у сваёй камеры. Пацучыная дзевачка не толькі прабілася скрозь галубоў да кратаў, але і малога здолела сюды прыцягнуць. Стаяць зараз на дыбачках, прасунуўся галовы ў ячэйкі кратаў (яны тут крыху шырэйшыя, чым унізе) і жалобна пазіраюць. Шкада, але ж на заднім плане другія дзевачкі. Баюся развязаць галубіна-пацучыную вайну 🙂

Ліст ад 03.10.22г.
У мяне тут праблемы з гаспадаркай – не вытрымаў дакорлівых позіркаў з-за кратаў і крыху падкарміў знаёмую пацучыную дзевачку з белымі бакамі. Неўзабаве іх там стаяла на дыбачках і дакорліва глядзела на мяне ўжо тры. І ўсё з белымі бакамі. Потым ужо чатыры з пятым малым. Той жа афарбоўкі. Магчымасць мімікрыі я адразу адхіліў. Мо, яны нейдзе перакіс вадароду знайшлі? Тым болей, што адна цалкам белая пацучыха [мабыць, “матрыярх” гэтага роду, М.А.] сціпла трымаецца на заднім плане – чакае магчымасці “падзяліць” здабытую пярэстымі ежу. Напэўна, чорнай фарбы ў іх яшчэ няма :). Але мусіў аб’явіць харчовае эмбарга. Ці санкцыі, як зараз кажуць 🙂 [Наконт працягласці эмбарга, то я сумняюся. Хіба толькі пасадкі ў ШІЗА ствараюць у дзевачак ілюзію суровасці санкцый 🙂 , М.А.]

З Фэйсбуку Марыны Адамовіч