А мяне менш за ўсё турбуе, ці загаворыць Сяргей Ціханоўскі па-беларуску.
Больш за тое – скажам мякка, я не бачу ў гэтым ніякай палітычнай неабходнасьці.
Памятаеце, у фільме “Лепей не бывае” (As good as it get’s) саркастычны герой Джэка Нікальсана кажа афіцыянтцы – “Just what the world needs… another actress” – “Вось што зараз сьвету патрэбна — яшчэ адна актрыса”?
Вось што менш за ўсё патрэбна зараз беларускай апазыцыі (дэмакратычным сілам) – яшчэ адзін беларускамоўны палітык у эміграцыі, які будзе канцэнтравацца на пытаньнях мовы, культуры, нацыянальнага адраджэньня.
Гэта паляна даўно пакрытая. Тут генералаў больш чым салдат.
Загаварыць па-беларуску, каб спадабацца тым людзям (і таму канкрэтнаму чалавеку), якія яго крытыкуюць за ягоную рускамоўнасьць – бессэнсоўна. Ціханоўскі ад іх літасьці не атрымае ў любым выпадку. Сьвятлана Ціханоўская загаварыла па-беларуску самыя адраджэнцкія рэчы – яны палюбілі яе пасьля гэтага?)
«Ах, я чем виноват?»…
–Ты виноват уж тем, что хочется мне.. быть лидером, а ты сам претендуешь быть лидером» Значыць, ты — вораг, што б і на якой мове ты б не казаў. Урэшце, як і ўсе астатнія.
У Ціханоўскага – свой талент і імідж, свая функцыя, і яму ня трэба граць чужыя ролі. Хай ён зьвяртаецца да тых людзей, якія застаюцца ўбаку, да якіх не даходзяць нашы традыцыйныя заклікі. Хай зьвяртаецца ў той форме і на той мове, якая гэтым людзям больш звыклая і зразумелая.
І ні ў якім разе ня варта гэта ўспрымаць як “зараз не да мовы”. Я той чалавек, які больш за іншых напісаў тэкстаў пра тое, што мова заўсёды на першых месцах і яна не “пачакае”.
Проста кожны павінен займацца сваёй справай, той, якую ўмее рабіць найперш і якая атрымліваецца. У кожнага свая ніша і аўдыторыя. У Сяргея Ціханоўскага гістарычна атрымлівалася (і будзем спадзявацца, можа атрымацца зараз) актывізоўваць “простых” людзей, уздымаць шырокія народныя масы, узбуджаць нянавісьць да рэжыму і жаданьне дзейнічаць.
Я ня ведаю, якія ў яго планы і рэсурсы. Але адчуваю, што нешта атрымацца ў яго можа толькі пры ўмове, што Ціханоўскі будзе самім сабой, што яму ня будуць навязваць пэўныя прынятыя “у нашым асяроддзі” нормы, падыходы і манеры. Магчыма, людзі стаміліся ад дыпламатычных і асьцярожных заяваў, і ім хочацца слухаць чалавека, які заклікае пасадзіць аднаго персанажа “на кол”.