У гонар гэтага беларуса названыя горы, мінерал, астэроід, дыназаўр і кактус. Але пра яго ў нас ведаю…

У гонар гэтага беларуса названыя горы, мінерал, астэроід, дыназаўр і кактус. Але пра яго ў нас ведаюць не ўсе.

31 ліпеня 1802 года нарадзіўся Ігнат Дамейка – вядомы беларускі вучоны і наш славуты зямляк, удзельнік паўстання 1830 – 1831 гадоў. У яго гонар былі названыя горы, мінерал дамейкіт, астэроід, род рыбаў, кактус, малюск, фіялка і нават род дыназаўраў!

Палякі называюць яго сваім вучоным, расейцы часта пішуць пра «расейскага вучонага польскага паходжання». А кім жа ён быў сам для сябе? Ігнат Дамейка ў лісце да Адама Міцкевіча пісаў:

«Натуральна, перарадзіцца я нiколi не здолею і спадзяюся на Бога, што я – ці ў Кардыльерах, або каля Панар (Вільня) – усё роўна памру літвінам…»

Ігнат Дамейка быў адным з найвядомейшых выпускнікоў Віленскага ўніверсітэта. Сябра таварыства філаматаў, ён быў арыштаваны ў 1823 годзе, а падчас паўстання 1830 – 31 гадоў ваяваў разам з Эміліяй Плятэр. Пасля паразы эміграваў у Дрэздэн, дзе зноў сустрэўся з Адамам Міцкевічам.

Пазней яны разам перабраліся ў Парыж. Там Ігнат вучыўся ў Горнай школе і па выніках вучобы стварыў геаграфічную, геалагічную і эканамічную карту земляў былой Рэчы Паспалітай. Дамейка стаў адным з першых беларускіх географаў – і, безумоўна, самым вядомым з іх.

У 1837 годзе ён пераехаў у Чылі і стаў прафесарам горнай школы ў Ла-Сэрэна, на поўдні краіны. Сёння гэты ўніверсітэт носіць яго імя. Пазней Ігнат стаў рэктарам Чылійскага ўніверсітэта і займаў гэту пасаду цягам 16 гадоў.

У Чылі Ігнат Дамейка:

– праводзіў мінералагічныя даследаванні,
– засноўваў навучальныя ўстановы,
– арганізаваў метэаралагічную службу,
– стаў заснавальнікам чылійскай школы геалогіі.

А яшчэ ён напісаў 130 навуковых прац на іспанскай і французскай мовах.

У 1884 годзе Дамейка вярнуўся ў Еўропу: наведаў Парыж, дзе сустрэўся з сям’ёй Міцкевіча, а потым паехаў у Кракаў, Варшаву, Вільню, Мір, Наваградак і сваю родную Мядзведку. Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве надаў яму званне ганаровага доктара.

Летам 1888 Ігнат Дамейка вяртаецца ў Чылі – але па дарозе ён захварэў і памёр у студзені 1889 года. У дзень яго пахавання ў Чылі абʼявілі нацыянальную жалобу. Дагэтуль Дамейка лічыцца нацыянальным героем паўднёваамерыканскай дзяржавы.

Але ягоныя нашчадкі добра ведаюць свайго славутага продка – і ў 2017 годзе нават прыязджалі ў Беларусь.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee