Сьвяты Павел Пустэльнік нарадзіўся ў заможнай сям’і каля 228 г. у Фівах (Тэбах), што ў Верхнім Егіпце. Першыя гады жыцьця правёў разам з бацькамі. Рана стаўшыся сіратою, ён шмат нацярпеўся дзеля вялікай бацькоўскай спадчыны ад свайго карысьлівага сваяка.
У часы Дэцыя пачаўся адзін з самых крывавых перасьледаў хрысьціянаў. Павел меў у той час каля 20 гадоў. Яго падступны сваяк, каб завалодаць багатай спадчынай, задумаў аддаць Паўла ў рукі ганіцеляў хрысьціянаў. Каб пазьбегнуць сьмерці, Павел уцёк з горада ў пустыню. Ён пасяліўся ў пячоры ля падножжа гары, дзе няспынна маліўся і сузіраў Бога. Перасьлед трываў нядоўга, але Павел так упадабаў самотнае пустэльніцкае жыцьцё ў малітве, што вырашыў застацца там назаўсёды. Як самотны манах-пустэльнік правёў у той пячоры каля 90 гадоў, прыкрываючыся ад сьпёкі і холаду пальмавым лісьцем.
Калі набліжалася ягоная сьмерць, яго наведаў сьв. Антоній Вялікі (успамін 17 студзеня). Паданьне сьцьвярджае, што сьв. Паўла Пустэльніка сам Бог карміў праз гругана, які штодзённа прыносіў яму паўбохана хлеба і фінікі. Калі ж да яго меў прыйсьці сьв. Антоній Вялікі, груган прынёс цэлы бохан. Павел Пустэльнік адышоў да Бога ва ўзросьце 113 гадоў на руках сьв. Антонія Вялкага, які яго і пахаваў.
Павел Фівейскі стаў адным з першых хрысьціянскіх манахаў-пустэльнікаў. Яшчэ пры жыцьці ён займеў шмат пасьлядоўнікаў. У V ст. на месцы, дзе знаходзілася пячора, у якой жыў сьвяты, быў заснаваны манастыр сьв. Паўла, які дзейнічае і сёньня.
У ХІІ ст. сьвятыя рэліквіі Паўла Пустэльнка былі перанесеныя ў Канстанцінопаль. Пазьней частка яго мошчаў была трапіла ў Венецыю, у царкву Сан-Джуліяна, а таксама ў Рым. У 1250 годзе быў заснаваны каталіцкі манаскі ордэн паўлінаў (поўная назва — Ордэн сьвятога Паўла, першага пустэльніка), які названы ў гонар Паўла Фівейскага. Галоўны манастыр паўлінаў знаходзіцца на Яснай Гары ў Чанстахове, у Польшчы.
Іканаграфічныя атрыбуты сьв. Паўла Пустэльніка — пальмавае дрэва, крумкач (часта з хлебам у дзюбе), разламаны хлеб і два льва (паводле паданьня магілай для сьвятога Паўла стала яма, якую вырылі львы, куды яго пахавалі). Нярэдка на іконах сьв. Павел паказаны разам з сьв. Антоніем Вялікім, які прыйшоў адведаць яго.