Малады манах распачаў вельмі руплівае аскетычнае жыцьцё, сваёй малітвай і паслухмянасьцю зьдзіўляючы сваіх братоў. Праз шэсьць гадоў адчуў сум па сваіх родных, і выпрасіўшы блаславеньне ў ігумена, выправіўся ў Канстанцінопаль.
У адзеньні жабрака, ні кім не пазнаны, ён пасяліўся ў будзе (адсюль імя Буднік) каля бацькоўскага дому. Бацькі дзеля Хрыста прыносілі яму пажыву. На працягу трох гадоў, церпячы холад і голад, ён жыў там, размаўляючы толькі з Богам і анёламі. Перад сьмерцю яму зьявіўся анёл і абвясьціў пра хуткую сьмерць. Толькі тады Ян паказаў бацькам падараванае імі некалі Евангельле. Праз гэта тыя пазналі ў ім свайго сына.
Памёр яшчэ маладым, у 450-х гадах, ва ўзросьце 25 гадоў. На ягонай магіле на месцы яго буды бацькі збудавалі храм і прытулак для бяздомных. Мошчы ягоныя знаходзяцца ў Рыме.