Не май другіх багоў перада Мною. Не рабі сабе ніякай выявы ўсяго, да таго падобнага, што ў небе высока, і што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе пад зямлёю. Не пакланяйся ім і не служы, бо Я — Госпад, Бог твой. (Выхад 20, 3-5)
Першая Божая запаведзь заклікае нас прызнаць, што Бог – па-над усё. Вызнаць Божую прысутнасць, вырашальную сілу і дзеянне ў свеце і ў нашым жыцці. Першая Божая запаведзь забараняе ставіць створаныя рэчы на месца Бога, прыпісваць ім боскія ўласцівасці, сілу і ўплыў. «Бо Табе [Богу] належыць усякая слава, пашана і пакланенне, Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін» (Боская літургія св. Яна Залатавуснага).
Асновай грахоў супраць першай Божай запаведзі з’яўляецца адыход ад Бога: замест таго, каб верыць у Бога, пакланяцца толькі Яму і спадзявацца толькі на Яго, чалавек надае вялікае значэнне створаным рэчам і прызнае іх вырашальны ўплыў на сваё жыццё.
Ніхто не можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне. (Мц. 6, 24)
Ідалапаклонства — гэта калі замест Бога мы ставім у цэнтр жыцця нешта іншае: нейкі прадмет, асобу, матэрыяльныя каштоўнасці, уладу, славу, прыбытак, ідэалогію, задавальненне. Сучаснымі кумірамі могуць быць: грошы, сэкс, кар’ера, кампутарныя гульні і нават спорт, адпачынак, праца, калі мы дазваляем ім кіраваць нашым жыццём, перакананнямі, рашэннямі, дзеяннямі, калі яны займаюць месца Бога ў нашых сэрцах, калі мы робімся залежнымі ад іх. Гэтыя ідалы не дазваляюць нам жыць паўнавартасным жыццём дзяцей Божых, мець зносіны з Богам і нашымі бліжнімі. Гэтыя ідалы ёсць нічым іншым, як толькі пустатою, марнасцю: “Вось, гэта вы ведаеце, што ні адзін распуснік або нячысты ці сквапны, што з’яўляецца служыцелем ідалаў, не мае ўдзелу ў Валадарстве Хрыстовым і Божым” (Эф. 5, 5).
Да ідалапаклонства спакушае д’ябал, абяцаючы славу, уладу, багацце. У Ісусе Хрысце мы вучымся супрацьстаяць спакусам: “Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы” (Мц. 4, 10).