Гэта першае такое месца малітвы ў Цэнтральнай Азіі. У Астане, сталіцы Казахстана, 20 чэрвеня 2025 г. інаўгураваны марыйны санктуарый, прысвечаны пераследаваным хрысціянам. Ён дзейнічае пры царкве Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў казахстанскай сталіцы, дзе дзесяцігоддзямі савецкія ўлады змагаліся з каталіцтвм.
Як паведамляе National Catholic Register, новы санктуарый быў створаны па ініцыятыве амерыканскай арганізацыі Nasarean.org. Гэта ўжо шостае такое месца ў свеце, але першае ў рэгіёне, які асабліва зведаў рэлігійныя пераследы, асабліва ў камуністычныя часы.
Санктуарый паўстаў з блаславення мітрапаліта Астаны архібіскупа Томаша Петы і пры падтрымцы дапаможнага біскупа Атанасіуса Шнайдэра. Цэнтральным пунктам з’яўляецца ікона Марыі, Маці Пераследаваных Хрысціян, напісаная ліванскай мельхіцкай манахіняй с. Сурайяй Хера. Надпіс на арамейскай мове «Маці Пераследаваных» яднае сучасную Царкву, якая пакутуе, з часамі першых мучанікаў.
У гаміліі падчас інаўгурацыі біскуп Шнайдэр нагадаў словы св. Яна Паўла II з пілігрымкі ў Казахстан у 2001 г. Папа Рымскі тады казаў пра «невымоўныя досведы тых, хто пацярпеў, бо не адрокся ад веры».
Казахстан быў адным з галоўных месцаў савецкай сістэмы ГУЛАГаў. Сюды ссылаліся цэлыя народы — палякі, немцы, украінцы ці балты. Большасць з іх былі вернікамі, а рэлігійныя практыкі праводзілі ўтоена.