І адказ таксама адзін: па факце гэта варыянт стварэння новай падструктуры з прыгожымі лозунгамі пра …

І адказ таксама адзін: па факце гэта варыянт стварэння новай падструктуры з прыгожымі лозунгамі пра будучую бязкампрамісную барацьбу, толькі з кім?
— з Лукашэнкам за Беларусь ці ўскосна за апазіцыйныя рэсурсы і сцвярджэнне сваёй легітымнасці?
У папярэдніх артыкулах я пісаў, што логіка дзеянняў Лукашэнкі зразумелая і паслядоўная – ён вызваляе тых, хто яму не небяспечны. Рэжым аддаў Сяргея, бо ён не здольны да каманднай і арганізацыйнай працы; ён не звязаны з узброеным супрацівам; ён не інтэграваны і не мае жадання інтэгравацца ў існуючыя апазіцыйныя структуры; яго дзеянні разбуральныя ў першую чаргу для самога сябе. Калі Лукашэнка паставіў менавіта такую задачу – стварыць інфармацыйны шум і ўнесці смуту, то праект “Ціханоўскі на волі” – гэта 100% трапленне як па часе – Беларусь не ў павестцы, назіраецца крызіс апазіцыі, так і з кандыдатам на гэтую ролю – Сяргей хворы, эмацыйны, несістэмны, не з’яўляецца ні лідарам, ні палітыкам. Ён не арыентуецца ў рэаліях. Апошнія дні паказалі, наколькі гэты чалавек амбіцыйны, як балюча ён успрымае крытыку і паражэнне, не адчувае меры і настрою, а значыць першапачаткова канфліктны з любымі дэмакратычнымі цэнтрамі.
Ён адзін. Ён не ўбудаваны ў каманду, аўтарытарны, а значыць не гатовы да канструктыўнага дыялогу нават са сваёй жа камандай.
Чаму думка пра тое, што фігура Ціханоўскага – гэта частка плана Лукашэнкі, выглядае лагічна?
1. Калі нават тэарэтычна дапусціць, што мэта была – унесці Ціханоўскага як фактар раскачкі, дык менавіта гэта ўжо і адбываецца.
2. Сяргей – адпрацаваны сімвал пратэстаў 2020-га.
3. Спроба сабраць каманду без зразумелай структуры выклікае толькі раздражненне ў асяроддзі апазіцыі і прамую пагрозу для рэшткаў даверу. Бо калі нешта абвяшчаецца, то першапачаткова агучваецца агульны план будучых дзеянняў з апублікаваннем віду арганізацыі, яе статутных мэт і канкрэтных задач, без ужывання пустых высокапарных фраз – гэта і ёсць першая прыкмета сталасці лідара.
4. Якія б дзеянні цяпер ні здзяйсняў Ціханоўскі – усё ідзе на карысць Лукашэнку, бо любы ягоны крок ператвараецца ў адзін вялікі інфармацыйны шум без канкрэтных вынікаў і рэзалюцый.
Усё, што сёння робіць Ціханоўскі – з улікам ягонага стану, непадрыхтаванасці, рэзкай актыўнасці, адсутнасці каманды і структуры – выгадна выключна Лукашэнку. У выпадку з Ціханоўскім гэта або стыхійны выбух амбіцый на фоне цяжкай псіхатраўмы, або дакладна прапісаны сцэнар дэстабілізацыі эміграцыйнай прасторы.
Калі б у Ціханоўскага была рэальная стратэгія вызвалення краіны, я думаю, ён пачаў бы не з заклікаў і збору грошай, а з адкрытай дыскусіі з усімі дэмсіламі, са стварэння структуры, статуту, з аналізу памылак 2020 года і дыялогу з тымі, хто гэтыя пяць гадоў працаваў. Але замест гэтага мы бачым шаблон 2020 года, адарваны ад цяперашняй рэальнасці.
Такім чынам, ніякай новай сілы, новага ўдару ад Ціханоўскага цяпер не нараджаецца. Наадварот – пад выглядам «каманды» адбываецца спроба стварэння новай кропкі ўнутранага расколу.

А цяпер я хачу, каб вы паглядзелі на тое, што адбываецца, зусім пад іншым вуглом.
Перад намі амаль ідэальны план знішчэння вобразаў герояў, створаных самімі апазіцыйнымі структурамі – і гэтымі ж рукамі знішчаных.
Такія фігуры, як Ціханоўскі, Шарэнда і многія іншыя, ператвараліся ў сімвалы пратэсту. Нашы дэмсілы рабілі з іх легенды, каб затым выкарыстоўваць як інструмент ціску на рэжым і бяздонную крыніцу атрымання сродкаў на «барацьбу з гэтым жа рэжымам». Гэта былі ідэальныя вобразы пакутніцтва і супраціву.
Гэтыя «наваяўленыя мучанікі» працавалі як доказы рэпрэсій з функцыяй стаць сімвалам уціску і патрэбнай ахвярай у дыялогу з заходнімі партнёрамі.
Але пасля іх вызвалення пачынаецца зусім іншая гісторыя.
Рэжым ламае чалавека ў турме, але не забівае. Ён пакідае яго жывым, вызваляе, а далей назірае, як апазіцыя сама знішчае сваіх жа куміраў.