«Як жа добра і прыемна, калі браты жывуць разам» (Пс 133, 1). Добра і прыемна, калі браты жывуць у з…

«Як жа добра і прыемна, калі браты жывуць разам» (Пс 133, 1). Добра і прыемна, калі браты жывуць у згодзе, бо жывучы разам, ствараюць супольнасць Царквы. Яны называюцца братамі, бо з’яднаныя ў любові, маюць супольныя памкненні.

Гэтае ўзнёслае навучанне мела месца на самым пачатку апостальскага прапаведавання. Бо чытаем: «Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою» (Дз 4, 32). Належыць, каб народ Божы адчуваў сябе дзецьмі аднаго Айца, ствараў адзінства ў адным Духу, жыў разам у аднадумстве, складаў члены аднаго цела.

Добра і прыемна, калі браты жывуць разам. Прарок дае гэтаму такое параўнанне: «Гэта як каштоўны алей на галаве, які сцякае на бараду, на бараду Аарона, што сцякае да краёў ягоных шатаў» (Пс 133, 2). Алей, якім Аарон быў намашчаны на святара, змяшчаў шмат духмянасцяў. Спадабалася Богу спачатку такім чынам пасвяціць свайго святара. Таксама і наш Госпад быў духоўна намашчаны «больш за супольнікаў сваіх» (пар. Пс 45, 8). Гэта не зямное намашчэнне; не алеем з рогу, як у выпадку каралёў, але «алеем радасці» (Пс 45, 8). Пасля гэтага намашчэння Аарон па праву насіў імя «намашчаны».

Як намашчэнне алеем выганяе адусюль нячыстыя павевы сэрца, так і праз намашчэнне любоўю мы даем прыемны для Бога водар згоды, як казаў Апостал: «Мы Хрыстовы водар для Бога» (2 Кар 2, 15). Наколькі мілым быў Богу алей, якім быў намашчаны першы святар, Аарон, настолькі таксама добра і прыемна, калі браты жывуць разам.

Св. Гілярый