Таму мы з усёй перакананасцю спажываем іх як Цела і Кроў Хрыста. У выглядзе хлеба табе даецца Цела, а ў выглядзе віна табе даецца Кроў, каб падчас спажывання Цела і Крыві Хрыста ты стаў удзельнікам Яго Цела і Крыві. Так мы становімся носьбітамі Хрыста, паколькі ў нашых целах знаходзіцца Яго Цела і Кроў. Так, паводле св. Пятра, мы становімся саўдзельнікамі боскай прыроды.
Калісьці Хрыстос, спрачаючыся з юдэямі, казаў: «Калі не будзеце спажываць Майго Цела і піць Маёй Крыві, не будзеце мець у сабе жыцця» (пар. Ян 6, 53). Паколькі яны не разумелі духоўнага сэнсу сказанага, адышлі пакрыўджаныя, думаючы, што Ён заахвочвае іх спажываць целы.
У Старым Запавеце таксама існавалі ахвярныя хлябы, але скончыліся разам з дзеяннем Старога Запавету. У Новым Запавеце хлеб – нябесны, а келіх – збавенны, і яны асвячаюць душу і цела. Бо як хлеб – гэта адпаведны спажытак для цела, так і Слова падыходзіць для душы.
Таму глядзі, не лічы эўхарыстычнага хлеба і віна простымі і звычайнымі рэчывамі, бо гэта Цела і Кроў Хрыста, як сцвярджае Госпад. Калі нават пачуцці прымушаюць цябе сумнявацца, то вера пераконвае цябе і дае ўпэўненасць.
Ты добра зразумеў і цвёрда паверыў, што эўхарыстычны хлеб, хоць мае смак хлеба, з’яўляецца не хлебам, але Целам Хрыстовым. Гэтак сама і эўхарыстычнае віно, хоць мае смак віна, з’яўляецца не віном, але Кроўю Хрыстовай. Пра гэта ўжо даўно казаў Давід у псальмах: «Алей, што робіць бліскучым твар, і хлеб, што ўмацоўвае людское сэрца» (Пс 104, 15). Умацуй сваё сэрца, спажываючы гэты духоўны хлеб, і развесялі аблічча сваёй душы.
З адкрытым тварам і чыстым сумленнем сузірай славу Госпада, быццам у люстэрку, і пераходзь ад славы да славы ў Хрысце Ісусе, нашым Госпадзе, Якому пашана, і ўлада, і слава на вякі вякоў. Амін.
Ерусалімскія катэхезы