Святлана Ціханоўская з працоўным візітам у Канадзе: дамова з Парашэнкам, рыштунак для добраахвотніка…

Святлана Ціханоўская з працоўным візітам у Канадзе: дамова з Парашэнкам, рыштунак для добраахвотнікаў, спіс прапановаў для кангрэсменаў ЗША

У першыя дні яна выступіла на пленарнай дыскусіі Форуму па бяспецы, дзе адзначыла важнасць працы незалежных медыяў і звярнулася да Google i Facebook з заклікам дапамагчы актывістам і журналістам, якія супрацьстаяць рэжымнай машыне.

Таксама Святлана Ціханоўская сустрэлася з Пятром Парашэнкам. Падчас сустрэчы ўкраінскі экс-прэзідэнт распавёў пра чаканні Украіны ад дэмакратычных сілаў. Яны дамовіліся каардынаваць працу ў інфармацыйнай прасторы, а таксама шукаць магчымасці падтрымкі для беларускіх добраахвотнікаў, у тым ліку вырашыць пытанні праз Вярхоўную раду пра іх легалізацыю, кампенсацыі для параненых і для сем’яў ахвяраў.

З кім яшчэ сустрэлася і пра што дамовілася Святлана Ціханоўская?

– З міністрамі абароны Нідэрландаў і Канады абмеркавалі падтрымку суверэнітэта Беларусі і перадачу цёплай формы, медыцынскага абсталявання і іншага рыштунку, якія могуць быць перададзеныя беларускім добраахвотнікам, валанцёрам і медыкам ва Украіне.

– З сенатарамі і кангрэсменамі ЗША, якім перадала спіс прапановаў па падтрымцы беларускай незалежнасці. Яны дамовіліся ініцыяваць слуханні ў Кангрэсе па сітуацыі ў Беларусі.

– З дэпутатамі Бундэстагу ішла размова пра падтрымку палітвязняў і рэпрэсаваных, неабходнасць выпрацоўкі стратэгіі па выцягванні Беларусі з-пад кантролю Расіі. Ціханоўская звярнула ўвагу на неабходнасць пашырыць выдачу візаў. Як раней пацвердзіў амбасадар Германіі, візы будуць надалей выдавацца беларусам.

– З намесніцай дзяржсакратара ЗША Боні Джэнкінс размаўлялі пра арганізацыю слуханняў у Радзе бяспекі ААН па Беларусі.