Поезд ці цягнік?
Амаль драматычнай выглядае гісторыя ўжывання словаў поезд і цягнік у нашай мове. Яшчэ беларускі пісьменнік Хвядос Шынклер (1903 – 1942) у 1928 годзе ў часопісе “Узвышша” пісаў, што слову цягнік не шанцуе. Яно з’явілася яшчэ ў дарэвалюцыйнай беларускай літаратуры ў значэнні ‘поезд’ і вельмі хутка пашырылася ва ўжытку, часта замяняючы слова поезд, якое многімі ўспрымалася як русізм. Аднак у сярэдзіне 20-х цягнік пачынае ўжывацца таксама ў значэнні ‘паравоз’, бо гэта тое, што цягне (напр., у Беларуска-расейскім слоўніку Байкова і Некрашэвіча), што, паводле Шынклера, прывяло да пэўнай блытаніны. Сам Шынклер, дарэчы, заклікае да ўжывання слова цягнік, як больш натуральнага для беларускай мовы.
Каб пазбегчы блытаніны, у 30-ыя гады зноў пачынаюць у актыўны ўжытак вяртаць слова поезд, супольнае з рускай мовай. І шыльды 20-ых гадоў “Сьцеражыцеся цягніка” ў 30-ыя мяняюць на “Сьцеражыцеся поезда”.
Аднак слова цягнік усё ж працягвае ўжывацца паралельна са словам поезд. У 1979 годзе на старонках газеты “Звязда” з’явіўся палемічны артыкул Кандрата Крапівы “Ці будзем мы ездзіць па левым баку?”, дзе ён, у тым ліку, крытыкуе ўжыванне слова цягнік замест поезд. Крапіва піша: “…сам поезд з’явіўся значна раней, чым слова цягнік, якое пачалі ўжываць, калі не памыляюся, недзе ў дваццатыя гады. Гэта – калька, утвораная па ўзору польскага поцёнг, чэшскага влак, нямецкага цуг. А слова поезд беларусам не цяжка было засвоіць, бо яно, толькі з іншым націскам (паязд) было ў народнай мове і да з’яўлення чыгункі. Гэта слова мае зборнае значэнне і азначае прылады для язды – калёсы, сані. А яшчэ – вясельны картэж, калі маладыя ехалі да вянца або з вянца. Таму слова поезд лёгка ўвайшло ў літаратурую мову. Дык хто ж мае права, фігуральна кажучы, сцягваць аўтара з поезда і садзіць на цягнік!”
На гэтую заяву акадэміка ў адкрытым лісце «Мова – гоман векавога бору…» адказаў Максім Лужанін (дарэчы, ліст тады так і не быў апублікаваны па рэкамендацыі ідэалагічных цэнзараў). Лужанін спрачаецца з Крапівой і, перафразуючы ягоны жарт, піша “няма падстаў сілком сцягваць аўтараў з цягніка і ўсаджваць іх змусам на поезд”.
Вяртаючыся да слова поезд, адзначым, што яно мае ўсходнеславянскае паходжанне і ў народнай мове сустракаецца ў варыянце пая́зд у значэнні ‘вясельны картэж’ (у Купалы – “Паязджане”; Ул. Караткевіч, “Зямля пад белымі крыламі”: Пасля конны паязд накiраваўся ў вёску жанiха …; “Як жэняцца ў Альшанах”, Салідарнасць, 4 снежня 2014: Вясельны паязд маладых складаўся з чорных BMW). Паязд таксама сустракаецца і з больш шырокім значэннем ‘некалькі павозак, саней і пад.’, не абавязкова вясельных (Ул.Караткевіч, “Хрыстос прызямліўся ў гародні”: З гікам, выгукамі, рогатам імчаў конны паязд. Беглі на сворках гладкія ваўкарэзы і хортыя; “Каласы пад сярпом тваім”: Павольна поўз да Загоршчыны санны паязд.).
Слова цягнік прыйшло ў нашу мову ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў з польскай (ад ciągnik, pociąg), дзе было калькай з нямецкага Zug.
Такім чынам, сёння маем у мове абодва словы: цягнік і поезд. Прычым часта яны ўжываюцца паралельна, як на беларускай чыгунцы. На вакзальных шыльдах сустракаем слова поезд, а на сайце беларускай чыгункі – цягнік.
У метро сустракаем паязды…
Аднак можна сцвярджаць, што слова поезд ужываецца сёння ў больш шырокім значэнні, чым цягнік: напр. аўтапоезд, вясельны поезд. А вось калі мы кажам пра чыгуначны транспарт, то ў жывой мове часцей сустракаем слова цягнік.
Ёсць яшчэ і слова рускага паходжання састаў. Адрозненне цягніка ад састава заключаецца ў тым, што цягнік – гэта чыгуначны састаў, якому нададзены нумар, пазначаны галава і хвост, і ён рухаецца з дапамогай лакаматыва і/ці маторнага вагона.