Каб устрымаць сваіх вучняў ад пытанняў наконт свайго прыйсця, Хрыстос сказаў: «Пра гэтую гадзіну не …

Каб устрымаць сваіх вучняў ад пытанняў наконт свайго прыйсця, Хрыстос сказаў: «Пра гэтую гадзіну не ведае ніхто, ні анёлы, ні Сын (пар. Мц 24, 36). Не дадзена вам ведаць ні часу, ні хвіліны» (Дз 1, 7). Ён укрыў гэта, каб мы чувалі і кожны з нас лічыў, што гэта можа настаць яшчэ пры ягоным жыцці. Калі б Ісус адкрыў час свайго прыйсця, яно страціла б свой смак, а народы і вякі больш не чакалі б аб’яўлення Госпада. Ён сказаў, што прыйдзе, але не сказаў, калі павінен прыйсці, таму ўсе пакаленні і вякі прагна чакаюць Яго.

Хоць Госпад устанавіў знакі свайго прыйсця, аднак на іх падставе нельга выразна акрэсліць нейкага тэрміну. Гэтыя шматлікія знакі прыходзілі і міналі, і больш таго, іх можна дагэтуль заўважыць. Бо апошняе прыйсце Госпада падобнае да першага.

Падобным чынам чакалі Яго праведнікі і прарокі, мяркуючы, што Ён аб’явіцца ў іхнія дні. Так і сёння кожны з вернікаў жадае прыняць Яго ў свой час, паколькі Госпад не зрабіў вядомым дзень свайго прыйсця. А гэта найбольш дзеля таго, каб хто не палічыў, што Ён, у сіле і ўладзе Якога знаходзяцца лікі і часы, падпарадкаваны лёсу і гадзіне. Хіба Ён можа не ведаць пра тое, што сам вызначыў, калі Ён апісаў знакі свайго прыйсця? Госпад прадставіў знакі свайго прыйсця такімі словамі, каб ад гэтага дня і надалей усе пакаленні і вякі лічылі, што Яго прыйсце адбудзецца ў іх час.

Чувайце, бо, калі цела спіць, валадарыць наша прырода і мы дзейнічаем не са сваёй волі, але паводле прыроды. І калі душа апанавана глыбокім сном – маладушнасцю або смуткам, – тады над ёю пануе вораг і робіць праз яе тое, чаго яна не хоча. Над прыродай пануе гвалт, а над душою – вораг.

Таму чуйнасць, якую наказаў захоўваць Госпад, прадпісана абедзвюм часткам чалавека. Цела павінна берагчыся санлівасці, а душа – абыякавасці і баязлівасці, як і кажа Святое Пісанне: «Прачніцеся, справядлівыя» (пар. 1 Кар 15, 34), і: «Я паўстаў і дагэтуль з Табою» (пар. Пс 139 [138], 18), і яшчэ: «Не губляйце адвагі». «Таму, маючы служэнне, не губляем адвагі» (пар. 2 Кар 4, 1).

Св. Ахрэм