УВОДЗІНЫ Ў АНАТОМІЮ ДАБРА, АБО ЧАМУ ДОБРЫЯ ЛЮДЗІ НЯДОБРЫЯДобро, должно быть, с кулаками,С хвостом и …

УВОДЗІНЫ Ў АНАТОМІЮ ДАБРА, АБО ЧАМУ ДОБРЫЯ ЛЮДЗІ НЯДОБРЫЯ

Добро, должно быть, с кулаками,
С хвостом и острыми рогами,
С копытами и с бородой…
(с) Багрецов

Чаму людзі (добрыя) часам выбіраюць тое, што нам здаецца злом. Асабліва гэта тычыцца пытанняў перакананняў. Здаецца ж нармальны чалавек, а верыць ў нейкія глупыя, а то і страшныя з нашага пункту гледжання ідэі. Часам падтрымлівае тое, што ў нашым перакананні з’яўляецца абсалютным злом. Як гэта магчыма? Ці людзі свядома выбіраюць зло? Свядома прытрымліваюцца свайго жыццёвага выбару зла? Насоўваецца пытанне: “І як яны з гэтым выбарам жывуць?”
Ведаем, што чалавек быў створаны добрым. І тым, хто шукае дабро.
Некалькі прыкладаў: Адам з біблійнага пераказу. Ці выбіраў Адам зло, калі вырашыў пакаштаваць плоду забароненага. Што нам гаворыць біблійны пераказ?…НЕ, Адам не выбіраў зло! Адам хацеў “знаць дабро і зло” (ў алегарычнай мове Бібліі знаць – значыла панаваць над дабром і злом). І ў такім сэнсе ён імкнуўся да дабра, СВАЙГО дабра.
Яшчэ біблійны, але не алегарычны, а гістарычны сюжэт: выбар сінедырыёна, які судзіў Хрыста. Памятаеце? Дзеля чаго засудіў сінедрыён Хрыста. Ну, дзеля таго, каб уратаваць народ габрэйскі, ясна ж! “Лепей, каб адзін загінуў за народ…” Дабро народа сінедрыён паставіў вышэй за дабро адзінкі. Але ізноў жа – дабро!
Яшчэ бліжэйшы і больш завостраны прыклад: усе тыя людзі, якія прывялі да улады Гітлера ў 1933 годзе, ці хацелі яны зла? Ці матывам іх было выраўнаць несправядлівасць, якую яны адчувалі пасля таго, як Германія прайграла першую Сусветную вайну? 
Быкаўскі Рыбак таксама хацеў дабра – спрабаваў ратаваць сябе. Ці хто скажа што ратаваць сябе – кепска.

Праблема рэлевантнага дабра – гэта праблема цэласнасці светаўспрыняцця. Так ужо здараецца, што чалавек не жыве ва ўсім сусвеце.  Чалавек мае сваю частку гэтага сусвету ў якой ён і жыве. Месца і кшталт гэтага своеасаблівага намёта вызначаецца шмат чым. Можна пра гэта разважаць многа, але калі коратка дык адукацыяй, досведам, уласным удасканаленнем, выхаваннем.

Чалавек – імкнецца да дабра. Толькі імкнуцца да дабра ён можа толькі таго, якое знаходзіцца ў ягоным “намёце”. Калі “намёт” малы і вузкі –то ён шукае магчымасці выжыць для сабе, як Рыбак. Калі ён прыгнечаны нейкай ранай, як былі прыгнечаныя немцы ранай першай сусветнай вайны і паваеннага разбурэння, то шукае магчымасці кампенсацыі агульнай раны. Калі для сінедрыёна “намётам” быў іх народ – то дабром для народа было яго захаванне, нават коштам забітых месій і прарокаў. 

Чалавек можа быць добрым – толькі яго дабро можа быць вельмі СВАЁ. Шанец узвысіцца над сваім дабром мае толькі той, хто імкнецца пашырыць свой сусвет, сваё разуменне сусвету ў уключыць у яго дабро Абсалютнае.