20 ліпеня 1927 г. у Яраслаўлі нарадзіўся а. Вiктар Данілаў, аўтар шматлікіх тэалагічных прац. Найбо…

20 ліпеня 1927 г. у Яраслаўлі нарадзіўся а. Вiктар Данілаў, аўтар шматлікіх тэалагічных прац. Найбольш вядомая з іх — «Мой шлях да Бога і Каталіцкай Царквы». Рэлiгiйны дысідэнт, публіцыст, святар Грэка-Каталiцкай Царквы ў падполлi, вязень ГУЛАГу.

Сваю грамадзкую дзейнасць пачаў чалавекам камуністычных поглядаў. У 1947 г. у Яраслаўлі паступіў у Педагагічны інстытут, а ў чэрвені 1948 г. быў арыштаваны за свае крытычныя выказванні пра Сталіна і быў абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі. Тэрмін адбываў у лагеры для асабліва небяспечных палітычных злачынцаў у Інце, Комі АССР.

У зняволенні светапогляд Віктара Данілава зведаў кардынальныя перамены. Ён адмовіўся ад атэізму і камунізму, у лагеры прыняў каталіцкае веравызнанне. У 1955 г. быў вызвалены па амністыі і ў снежні аднавіўся на гістарычным факультэце Яраслаўскага педагагічнага інстытута. У далейшым займаўся ў падполлі місіянерскай дзейнасцю на карысць Каталіцкай Царквы.

Пасля заканчэння інстытута з 1959 г. працаваў электрамантажнiкам. У 1960 г. пераязджае ў Вільнюс, а ў 1967 г. у Гродна. Данілаў пастаянна знаходзіўся пад наглядам КДБ – яго шматразова выклікалі на допыты, адбываліся ператрусы ў ягоным доме «на прадмет канфіскацыі рэлігійнай літаратуры», не дапускаўся да абароны навуковай дысэртацыі, да росту на працы, дыскрымінаваўся ў павышэнні заробку.

У пач. 1970-х г. атрымаў прапанову вучыцца на грэка-каталіцкага святара. У 1976 г. у Львове тайна атрымаў святарскія свячанні ад мітрапаліта Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Уладзіміра Стэрнюка. Вярнуўся ў Гродна і пачаў сваё святарскае служэнне ва ўмовах падполля. Як святар наведваў Латвію, Літву, Сібір, Каўказ. Пісаў рэлігійныя працы для самвыдату.

У 1992 г. стаў пробашчам парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне. Выкладаў асновы рэлігіі ў гродзенскіх дзяржаўных навучальных установах і багаслоўскія дысцыпліны ў каталіцкім катэхетычным інстытуце. Працаваў у Гродзенскім абласным таварыстве «Веды» лектарам па рэлігійнай тэматыцы, выступаў на абласным радыё з лекцыямі на рэлігійныя тэмы. Да 1994 г. займаўся місіянерскай працай, перакладамі дапаможнай рэлігійнай літаратуры для Рыжскай рыма-каталіцкай духоўнай семінарыі. У 1998 г. быў прызначаны дэканам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Атрымаў царкоўную ўзнагароду за сваю місіянерскую дзейнасць і святарскае служэнне — залаты Крыж «Pro Ecclesia et Pontifice (За заслугі перад Царквой і Папам)». Пасля выхаду на пенсію, маючы ўжо 78 гадоў, у 2005 г. вярнуўся на радзіму ў Яраслаўль, дзе дапамагаў у душпастырскай апецы мясцовых католікаў. Памёр 7 снежня 2016 г.