Як адзначыў Францішак, еднасьць Царквы, якой мы жадаем, патрабуе ад нас падыходу, які быў уласьцівы апосталу Паўлу: адмовіцца ад эгацэнтрычных ідэй, каб пачуць голас Бога, даць Яму ініцыятыву і дазволіць зьмяніць нашыя сэрцы, бо «сапраўдны экуменізм немагчымы без унутранага навяртаньня» («Unitatis redintegratio», 7). Першачарговай задачай на гэтым шляху зьяўляецца малітва – поўнае глыбокай пашаны яднаньне з Госпадам, Які Сам маліўся аб еднасьці.
Напрыканцы гаміліі Біскуп Рыма нагадаў гісторыю навяртаньня Саўла. Сам апостал успамінаў гэта так: на пытаньне «Госпадзе! Што мне рабіць?» Хрыстос адказаў: «Устань і ідзі» (Дз 22, 10). «Ідзі, кажа Ісус, зьвяртаючыся да кожнага з нас і да нашага імкненьня да еднасьці. Давайце ж у імя Хрыста акрыяем ад нашай стомленасьці і звычак і пойдзем далей, наперад, бо гэтага жадае Госпад: Ён хоча, каб сьвет паверыў (гл. Ян 17, 21). Будзем жа маліцца і ісьці далей, бо менавіта гэтага жадае ад нас Бог». Паводле словаў Папы Францішка, усе хрысьціяне таксама пакліканы сёньня маліцца аб спыненьні канфліктаў і войнаў, асабліва ва Ўкраіне і на Сьвятой Зямлі.
Як адначыў у размове з Vatican News архібіскуп Ен Эрнэст, прадстаўнік Англіканскай Царквы ў Рыме, экуменічная малітва ў рымскай базыліцы стала хвілінай еднасьці паміж рэлігійнымі лідарамі, а таксама «сьведчаньнем для сьвету, што, нягледзячы на шматвекавыя падзелы, сёньня мы можам быць разам».
На фота: экуменічная Вячэрня ў базыліцы сьв. Паўла за мурамі ў Рыме (Vatican News).