Каб заахвоціць нас да гэтага цярпення, Апостал дадае, што кожная непрыемнасць, якую маем, нязначная і непараўнальная з узнагародай за прыняты цяжар; яна выявіцца ў нас, калі адноўленыя паводле Божага вобразу, мы будзем годныя сузіраць Яго хвалу тварам у твар.
Каб падкрэсліць незвычайнасць будучага аб’яўлення, Апостал дадае, што таксама і стварэнне чакае аб’яўлення сыноў Божых. Цяпер яно насуперак сваёй волі падпарадкавана знішчальнасці, але не пазбаўлена надзеі. Бо спадзяецца, што Хрыстос праз ласку Свайго служэння вызваліць яго ад падпарадкавання знішчальнасці і адорыць хвалою дзяцей Божых. І калі аб’явіцца хвала дзяцей Божых, адна і тая ж свабода будзе лёсам іх самых і стварэння. Цяпер жа, калі гэтае аб’яўленне яшчэ не надыходзіць, усё старэнне ўздыхае, чакаючы хвалы нашага ўсынаўлення і адкуплення. Прагне даць свету гэтага духа збаўлення і быць вызваленым з няволі знішчэння.
Гэта выразна азначае, што тыя, хто мае зародак Духа Святога, уздыхаюць, чакаючы ўсынаўлення. Гэтае ўсынаўленне з’яўляецца адкупленнем усяго цела, калі як усыноўленае дзіця Божае тварам у твар убачыць гэтае Божае і вечнае Дабро. Гэтае ўсынаўленне існуе ўжо ў Царкве Госпада, бо Дух кліча: «Абба Ойча!», як чытаем у «Пасланні да Галатаў» (пар. Гал 4, 6). Яно будзе дасканалым, калі ўсе, хто будзе годны сузіраць Божае аблічча, уваскрэснуць у беззаганнасці, пашане і хвале. Толькі тады чалавецтва адчуе сябе сапраўды адкупленым. Таму Апостал ганарыцца, усклікаючы: «Мы збаўленыя праз надзею» (Рым 8, 24). Надзея сапраўды нас збаўляе, падобна як і вера, пра якую сказана: «Вера твая ўратавала цябе» (Лк 18, 42).
Св. Амброзій Медыяланскі