Бахмут. Люты.Працоўныя будні(аповед 17)(частка 5)БібліятэкаБібліятэка знаходзілася на апошнім – 4-м …

Бахмут. Люты.
Працоўныя будні

(аповед 17)
(частка 5)

Бібліятэка

Бібліятэка знаходзілася на апошнім – 4-м паверсе нашага будынка.

Падняцца на паверх можна было праз лесвічны марш, які пачынаўся акурат над нашым выхадам са склепа.

Звычайны ўваход у бібліятэку быў зачынены, але туды можна было трапіць праз суседні кабінет-аўдыторыю.

Так мы з Бачой і прайшлі.

(Не памятаю дакладна які там прадмет у свой час выкладаўся – гэта можна было зразумець па рэштках абсталявання, партрэтам, геаграфічным альбо гістарычным мапам, якія ўздаблялі тую ці іншую аўдыторыю ПТУ)

Гэты ўваход пачынаўся з падсобкі бібліятэкара. Нічым асаблівым яна не была прыкметна.

Дзверы з падсобкі вялі ў адносна вялікае памяшканне самой бібліятэкі, якая адсюль пачыналася са стэлажоў з кнігамі.

Энцыклапедыі, адзінкавыя і вялікафарматныя выданні знаходзіліся у “параднай” частцы бібліятэкі.

Для мяне кнігі – каштоўны матэрыял. І таму са сквапнасьцю я пачаў шукаць што можна пачытаць цікавае.

Са здзіўленнем, тут, ва Ўсходняй Украіне, я выявіў зборнікі нашых беларускіх аўтараў. Сярод іх быў і Васіль Быкаў.

Адзіны і галоўны негатыў – ладна яны былі не па-беларуску. Але! І не па-украінску. Чытаць Быкава па-расейску аніякага жадання ў мяне не было. Але ж я ўзяў пару ягоных кніг для Бачы.

Пасля агляду, здавалася б шырокай экспазіцыі, уся гэткая разнастайнасьць і колькасьць кніг страцілі для мяне якую-небудзь каштоўнасьць: ад іх веяла саўковасьцю, якой яны былі прапітаны ўшчэнт. Украінамоўных выданняў практычна не было. Савецкія энцыклапедыі мне былі не цікавы. А адна толькі кніга “Они освобождали Донбас” з каларадскай стужкай на тытульным лісце чаго каштавала.

У такія моманты чарговы раз разумееш, што значнасьць палітызаванай, заснаванай на чужых каштоўнасьцях, літаратуры страчваецца пры змене палітычнага строю альбо пры дэакупацыі тэрыторыі (менавіта акупацыяй у пэўнай форме лічу я знаходжанне Украіны (як і Беларусі) у складзе СССР).