Люты. Бахмут.Працоўныя будні.(аповед 17)Частка 4Дзвярны праём, які разбіваў голаву Дзядзьке і правяр…

Люты. Бахмут.
Працоўныя будні.
(аповед 17)

Частка 4
Дзвярны праём, які разбіваў голаву Дзядзьке і правяраў на трываласьць спіну Куся.


Нізкі дзвярны праём.

Колькі разоў дрэнным словам я ўзгадваў праектыроўшчыка яго спланаваўшага.

Выйсьці з нашай жылой часткі склепа можна было толькі праз яго. І трэба было не проста схіліцца, але і прайсьці каля метра ў такім стане пад нізкім бетонным перакрыццем.

Зараз, друкуючы ля гары Гедыміна ў Вільні гэтыя строкі на сваім анроідзе, я параўноўваю той нязручны праём з лукашызмам.

Як і пры рэжыме нелегітымнага нармалёвы чалавек вымушаны жыць так, як і нармалёвага роста чалавек вымушаны праходзіць праз яго – аднолькава:

альбо разбіваючы галаву, альбо сагнуўшы спіну. Тыя ж, хто прыстасаваўся поўзаць, яго і не заўважаць.

Пры мне Дзядзька разбіў галаву аб той праём і я бінтом са сваёй аптэчкі спыняў кроў.

Што тычыцца мяне, то нагрузка на схіленую спіну амаль не адчувалася, калі ўвечары альбо пасярод ночы ў сланцах на цёплыя шкарпэткі трэба было трапіць на першы паверх у прыбіральню. Вайсковая байка і падштанікі не нагружалі пазваночнік у схіленым стане.

Іншая справа адбывалася, калі быў баявы выхад у поўнай амуніцыі. Бронекамізэлька, зброя і заплечнік у руках застаўлялі ўспомніць пра маё слабое месца – спіну.

А калі за плячыма ў заплечніку аказвалася рыдлёўка (хаця гэта было рэдка) і схіляцца трэба было яшчэ ніжэй, то спіна ледзь не пачынала енчыць ад болю.