АДНОСІНЫ ЎКРАІНЦАЎ ДА БЕЛАРУСАЎЧастка 1 (Першы негатыў ад украінцаў)06:00 4 сакавіка 2022-га, запраў…

АДНОСІНЫ ЎКРАІНЦАЎ ДА БЕЛАРУСАЎ

Частка 1
(Першы негатыў ад украінцаў)

06:00 4 сакавіка 2022-га, запраўка “Окко”, Явараў Львоўскай вобласці. Я прыехаў аўтобусам з Польшчы на кропку збору ў групе замежных легіянераў. Нас чакалі 2 аўтобусікі каб весьці далей.

Да мяне падыходзіць украінскі валанцёр з нашай групы і кажа: “З вамі хоча пагаварыць украінскі афіцэр”. Падыходжу да яго. “Вы беларус?”. “Так”. “ВЫБАЧАЙЦЕ, НІЧОГА АСАБІСТАГА, АЛЕ З СЕННЯШНЯГА ДНЯ ЗАГАД БЕЛАРУСАЎ НЕ БРАЦЬ”.

Так я застаўся адзін, без сувязі з двума паклажамі на невядомай украінскай запраўцы.

Дамовіўся пакінуць рэчы на запраўцы і пайшоў у выведку – шукаць дзе можна набыць сім-картку каб можна было патэлефанаваць па тым двум нумарам, што мне даў украінскі афіцэр. Ды звязацца з украінскім пасольствам у Вільні са згоды якога я 14 гадзін таму выехаў сюды. Мая новая мэта была беларуская рота ў Кіеве (зараз Полк Каліноўскага).

У гэты час прагучала паветраная трывога. Вучэбная. Львоўшчына гатавалася да абароны.

Ў 10 гадзін адчыніўся кіёск і я запытаўся ў даволі ветлівай на выгляд жанчыны-прадаўшчыцы аб набыцці “Кіеў стар”. Тады ў абіходзе я яшчэ размаўляў па-расейску. Прычым многа ад каго чуў у Беларусі, а апошні раз у чэрвені ў Лісічанску, што я, мабыць рускі – так добра размаўляю на гэтай мове.

Прадаўшчыца насцярожылася. Няведаю дакладна чыстая расейская мова, альбо мае тактычныя батынкі і зялёнага колеру штаны адыгралі сваю ролю. Але бачна было, што яна убачыла ва мне “не свайго”. Ды яшчэ сімку купляю. Запытала пашпарт. Я ведаў, што ва Ўкраіне сімкі прадаюцца без яго. Паказаў.

“ВЫ БЕЛАРУС? А ШТО ВЫ ТУТ РОБІЦЕ?” – запытала яна ў мяне, пабачыўшы беларускі пашпарт.
“ВАЮЮ”.
“ЗА КАГО!?”

Ведаеце, гэта быў мабыць адзіны момант у маім жыцці, калі мне стала прыкра ад таго, што я беларус! Настолькі шчыра прадаўшчыца задала гэтае пытанне: “за каго вы прыехалі ваяваць?”

Далей яна патэлефанавала свайму дырэктару і запытала што ёй рабіць. Сфатаграфавала маю новую сім-картку. Мой пашпарт. Папрасіла сфатаграфавацца з разгорнутым пашпартам каля твару. Наогул выявіла ўзорную грамадзянскую пільнасьць. Украінцы ў той час чакалі беларусаў-дыверсантаў на сваёй зямлі.

Замест пажадання добрага шляху яна мне сказала: “ВЫ Ж РАЗУМЕЕЦЕ, ШТО КАЛІ ШТО НЕ ТАК, ТО ВАС ХУТКА ЗНОЙДУЦЬ?”

Я вярнуўся на запраўку. Нажаль у пакеце з сімкай не было чым адчыняць тэлефон, каб яе ўставіць. Сяжу, спрабую нешта з ім зрабіць. Побач дзве мае паклажы.

Падыходзіць украінскі падлетак. Шчыра, з такім выразам у вачах, што бачна колькі мужнасьці яму каштавала гэта зрабіць і пытае: “ПРАБАЧЦЕ, А МОЖНА ЗАПЫТАЦЬ ХТО ВЫ І ЦІ ЕСЬЦЬ У ВАС ДАКУМЕНТЫ?”

“Ведаеш, я не павінен паказваць табе свае дакументы, але разумею тваю заклапочанасць і пакажу” – прыкладна так я адказаў яму. Але хлопец папрасіў пачакаць і праз хвіліну вярнуўся з 2 ці 3-я дружыннікамі ў цывільным з жоўта-блакітнымі павязкамі. Яны задалі тое самае пытанне. Патэлефанавалі ў свой штаб.

Затым прыехаў бусік і мы з імі паехалі ў “Штаб АТО” – менавіта такая шыльда вісела над імправізаваным падабенствам паліцэйскага пастарунка.

Тут пажылыя ваенныя (бачна адстаўнікі) планавалі дзеянні па арганізацыі тэрытарыяльнай абароны і састаўлялі графік патрулявання вуліц дружыннікамі.

Доўга вырашалі што са мной рабіць. Мусілі везці ў СБУ, але не было вольнай машыны. Альбо выклікаць паліцыю. Адзін з іх запытаў у мяне: “А ПРАЎДА, ШТО ЛУКАШЭНКА ПРАЙГРАЎ ВЫБАРЫ?” Каб вы разумелі (я гэта апускаю) я заўсёды намагаўся распавядаць украінцам што не беларусы далі дазвол расейцам напасць на Ўкраіну, а лукашысты. Што нас, беларусаў, ужо другі год саджаюць, катуюць, забіваюць, выціскаюць за мяжу за тое, што мы ўзняліся супраць нелегітымнага антыбеларускага рэжыма Лукашэнкі. Што Беларусь двойчы акупаваная краіна (рэжымам з 2020-га і рускімі з 2022-га). І што сапраўдныя беларусы ніколі не давалі згоды на ўварванне расейцаў са сваёй зямлі.

Прыехала паліцыя. 6 чалавек!!! З калашамі. Трое хлопцаў і трое жанчын. Першы раз прагледзелі ці няма ў маіх рэчах зброі ці ўзрыўчаткі. Запыталіся хто я, адкуль і куды. Зразумела гаворка пайшла пра сітуацыю ў Беларусі.