НОЧ У АКОПЕЧастка 2НЕ ВЕДАЮ, ШТО МЯНЕ БОЛЬШ УЗРУШЫЛА НОЧЧУ. МАБЫЦЬ, УСЕ Ж ТАКІ, БЛІЗКІЯ ПРЫЛЕТЫ.Нашы…

НОЧ У АКОПЕ

Частка 2

НЕ ВЕДАЮ, ШТО МЯНЕ БОЛЬШ УЗРУШЫЛА НОЧЧУ. МАБЫЦЬ, УСЕ Ж ТАКІ, БЛІЗКІЯ ПРЫЛЕТЫ.

Нашы кулямёты працавалі з інтэрвалам прыкладна ў гадзіну. Працавалі хвілін 5-10.

Я прыслухоўваўся, каб не прапусціць магчымую спробу начной атакі рускіх. Але ў адказ не было аўтаматных стрэлаў.

Замест іх рускія адказвалі дыстанцыйным агнем са 120-х мінамётаў.

Спачатку недзе здалёк за колькі кіламетраў чуеш гук “выхаду” міны. Праз секунды дзве чуеш яе свіст над сабой.

Ёсць адна секунда каб зразумець прыкладную адлегласць на якой ад цябе разарвецца міна.

Але гэтыя назіранні працуюць, калі ты перамяшчаешся – каб своечасова прыняць рашэнне стаяць, прыгнуцца, альбо хутка ўпасць на зямлю.

Калі ляжыш у акопе гэтыя назіранні і веды як рэагаваць да дупы

За ноч каля 3-4 мін разарвалася літаральна побач з маім акопам – у 20-30 метрах ад яго.

Я нават адзін раз злавіў сябе на тым, што дзернуўся мімаволі ад гука чарговага “выхада”. Але то было не па нам. Так, было страшна, калі 120-я міна са свістам падае на цябе. Тая сякунда, на якой ты разумееш, што яна ляжа зусім побач, а то і прама на цябе. Адна сякунда. Раней я такога не адчуваў.

Узрыў, штуршок, яркі (і надзвычай прыгожы ў начы!) слуп агню недзе над акопам за галавой, асыпанне зямлі і гук падаючых вакол аскепкаў.

Неперадавальныя ўражанні.

У гэтую адну сякунду ўспамінаеш дзве рэчы:

“Міна два разы ў адну варонку не падае” – з кніжак пра вайну.

А другая – як месяц таму загінулі тры ўкраінскіх жаўнера – запрыгнулі ў акоп, а ў край акопа трапіў снарад танка. Усе трое загінулі.