(рус. – ПТСР)
Частка 3
Такім чынам, з асабістага вопыту я зрабіў выснову што дапамагае вярнуўшымся з вайны дабраахвотнікам больш-менш усталявацца ў мірным жыцці:
– легалізацыя (актуальна для ўсіх беларускіх палітэмігрантаў);
– працаўладкаванне;
– вырашэнне жыллевага пытання;
– блізкія людзі побач (не абавязкова неяк спецыяльна падтрымліваць – простае ўзаемапаразуменне і сумеснае вырашэнне штодзенных задач).
Канешне вельмі добра было б абавязкова прайсьці праз пару гадзін размовы з псіхатэрапеўтам.
Пра сябе скажу, што думкі пра гэта ўзнікалі. Нават хтосьці часам прапаноўваў гэта зрабіць. Але я і сам тады не ведаў што я запытаю ў псіхатэрапеўта – хіба што “Як у вас справы?”)
Праз тыдзень мае планы на бліжэйшыя пару месяцаў былі вызначаны і я больш-менш уліўся ў мірнае жыцце.
На вайну я вярнуўся 17 верасня 2022-га.
Дагэтуль, чакаючы афармлення дакументаў, папрацаваў месяц на мантажы сонечных панэляў з літоўцамі. Адзін з іх, малады хлопец, нават па-расейску не ўмеў размаўляць. Часам я думаў пра іх, літоўцаў-напарнікаў, што вось жывуць – зарабляюць грошы, строяць нейкія асабістыя планы, а там, ва Ўкраіне, ідзе вайна.
Меў размову з адным літоўцам польскага паходжаня, які праз тыдзень звольніўся, незадаволены зменай графіка працы. Ен быў тыпічны прыхільнік “рускага свету”. Я наўмысна не казаў яму хто я, акрамя таго, што беларус, каб зразумець што ў галовах такіх людзей.
Для такіх Лукашэнка і дагэтуль – “бацька”. Загінулыя ва Ўкраіне ад расейскіх ракет мірныя жыхары – “фэйкі” украінскай прапаганды. Украінскія землі прададзены Амерыцы і іншая “салаўеўшчына”.
Глядзіш на такога і думаеш: як такое можа зрабіць з людзьмі тэлевізар?
У Вільні я прабыў 2,5 месяцы.
Першы месяц быў вельмі насычаны.
Усе хацелі са мной сустрэцца. Паразмаўляць. Хтосьці шчыра. Хтосьці толькі дзеля сэлфі. Апошняе стала чамусьці асабліва заўважна пасля вяртання з вайны.
Былі і тыя, хто ездзіць у Беларусь і таму, па зразумелых прычынах, не хацелі афішаваць сустрэчу са мной)
Праз месяц-паўтара амаль што штодзенных сустрэч цікавасць да мяне спала.
І ўсе стала на свае месцы – быццам і не быў на вайне.
Сны з вайны мне ніколі не сніліся.
Мабыць і хлопцаў загінулых не сніў. Хіба што пра “Папіка” шмат думак было. Покуль не напісаў аб ім успаміны. І прымаў рашэнне выкладаць фота з ім, загінулым. Асабліва цяжка далося пісаць пра яго. Праз дзень пасля напісання заметкі пра “Папіка” думкі пра яго паступова пачалі адпускаць.
23 жніўня 2022-га я атрымаў дакументы і вырашыў пытанне са сваей рэгістрацыяй, прадліўшы арэнду кватэры яшчэ на год. Загадзя. Але па вышэйшаму кошту – наплыў бежанцаў з Ўкраіны павялічыў попыт на жылле.
Фактычна я гатовы быў ехаць.