Частка 2
Нашай мэтай было знішчэнне назіральнага пункту ворага. З яго ўся лінія фронту была як на далоні. Адтуль рускія карэгавалі свой агонь па нашых пазіцыях.
Танк, канешне, быў у прыярытэце і мы ўсе ж такі спрабавалі яго высачыць праз воптыку. Але безпаспяхова. Толькі статак кароў мірна пасвіўся ў нейтральнай паласе. І не звяртаў увагі на несціхаючыя гукі бою.
Нас заўважылі рускія.
Гэта мы зразумелі па пераносу танкавага агню рускіх на нашу пазіцыю. Снарады пераляталі нашы акопы і ўзрываліся ў невялікім, даволі пасечаным аскепкамі, ляску за намі. Бліжэйшы разрыў танкавага снараду быў метрах у 70 ад нас.
Было прынята рашэнне перасядзець абстрэл у невялікім бліндажы з бервяным перакрыццем. Да яго мы перабягалі па лініі акопаў і потым па адкрытай лясістай мясцовасьці каля 100 метраў.
Покуль перабягалі акопамі, па нам адпрацавалі касетнымі снарадамі. Не зачапілі.
Праз гадзіну мы зноў вярнуліся на пазіцыю.
Назіральны пункт рускіх быў прыкладна ў 1,5 кіламетрах ад нас. Яго можна было разгледзець толькі праз воптыку.
Сабралі “Мілан” на малую трыногу. Па рацыі паступіў загад адмяніць стрэл. Потым, праз пару хвілін, мы атрымалі дазвол на яго.
“Г..” паставіў “Мілан” на падрыхтаваную намі раніцай пляцоўку на брустверы акопа. У гэты момант ен быў адкрыты для рускіх. Ад стралковай зброі яго выратоўвала недасягальная для яе адлегласць.
Я таксама хуценька ўскочыў на бруствер да “Г..” з ужо падрыхтаванай расчахленнай ракетай. Стаў у паўрост. Зарадзіў “Мілан”.
Спрыгнуў. Стаў злева так, каб не зачапіла агнем пострэлу. Ўключыў тэлефон і пачаў здымаць.