Частка 17
У нейкі момант за некалькі сот метраў ад нас – недзе побач з хлопцамі, што ішлі ў наш бок каля леса, адначасова разарваліся дзве міны. Адна побач з другой. У цемры відовішча было вельмі прыгожае – слуп разрыву і алыя іскры, падаючыя ўніз. Як феерверк!
“Брэст” ішоў наперадзе. Мы шасцера неслі насілкі. Ля самай ракі нас сустрэлі яшчэ двое хлопцаў і несьці насілкі з параненым стала значна прасцей.
Эвакуацыя параненага – гэта было самае цяжкае выпрабаванне для мяне за ўвесь час баявой аперацыі. І не толькі для мяне.
Шлях заняў прыкладна 500 метраў па засеянаму полю і яшчэ столькі ж уздоўж ракі да пантоннай пераправы ля сяла Вяліке Артакове. Яе раніцай узвялі ўкраінцы для перапраўкі сваіх БМП.
Насілкі разлічаны былі на пераноску параненага васем’ю байцамі. Калі параненага нясеш у шасцех, то асноўная нагрузка прыпадае на двух чалавек, трымаючых насілкі ў цэнтры. Пры гэтым па краях нагрузка мінімальная.
І вось у гэтай пары, што ідзе па цэнтру, літаральна вырывае рукі і выварочвае ўбок пазваночнік.
“М..” – крэпкі мужык, але і ен сарваў спіну. Нават нашаму “велікану” “Дзядзьке” было складана (яшчэ і праз ягоны высокі рост) несці насілкі ў цэнтры.
Таму мяняліся даволі часта. Па стрэлцы гадзінніка кожныя 20-30 метраў. Зрэдку адпачывалі.
Неба было яснае. Зорнае. Недзе над намі час ад часу праляталі міны і ўзрываліся на тым баку ракі.
Па пантоннаму масту перайшлі раку. Дайшлі да першай хаты – за ей стаяла БМП. Паклалі насілкі з параненым на браню і яна, заравеўшы рухавіком і рэзка тузануўшыся, павезла параненага ў бліжэйшы шпіталь. Знікла ў цемры ночы.