Частка 2
Мы ішлі максімальна гружоныя так, што часам ногі пачыналі здавацца ватнымі. Заплечнік за спіной вагой пад кілаграм 10-20, ракета у левай руцэ – 13 кілаграм, станіна ад “Мілана” у правай (альбо таксама за спіной) – каля 16 кг, плюс бронік – каля 10 кг, аўтамат – каля 4 кг, рыдлеўка, вада(!) і іншая экіпіроўка. І ўсе гэта нясеш на сабе па перасечанай мясцовасьці.
Наша “пяцерка” была менш нагружана, бо ў кожнага з нас былі свае задачы. Яны ахоўвалі нас і таму павінны былі мець магчымасць своечасова, раней за ворага, адкрыць агонь з аўтаматаў у выпадку нечаканай сустрэчы.
Часам яны дапамагалі нам (толькі не той, хто ішоў самы першы) паднесьці ракету для Мілана ці трубу АТ-шкі, бо фізічна ўсе гэта на сабе мы ўтраіх данесьці б не змаглі.
Калі ідзеш пералескам, то тут ужо самае складанае прыгінацца з такой нагрузкай, каб прайсьці пад веткамі і не зачапіць іх ручкай ад рыдлеўкі, што прывязана да заплечніка. Пры гэтым ракету і частку “Мілана” (станіну альбо адну з двух ягоных трыног) трэба трымаць так, каб яна не чаплялася за кусты і ствалы дрэваў.
Выратоўвае толькі паўтарэнне такіх пераходаў – першы раз пасля вяртання я ледзь стрымаўся каб папрасіць перадышку. І калі, здавалася, ногі ўжо адказваюцца ісьці, дыханне забіта і ты пачынаеш думаць праз колькі часу магчымасць страціць прытомнасьць павялічыцца да 100 адсоткаў – у гэты момант чуеш каманду прывал і, як есць, проста садзішся, а то і лажышся на зямлю. Пяць хвілін адпачынку вяртаюць моцы і ты ідзеш далей.
Але цяжка бывае пасля вялікага перапынку ў такіх баявых выхадах. З кожным разам арганізм прызвычайваецца да іх больш і больш і ты пераносіш такія пераходы ў поўнай выкладцы лягчэй.