Баец батальена “Волат” палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксандр Клачко з пазыўным “Кусь” распавеў ча…

Баец батальена “Волат” палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксандр Клачко з пазыўным “Кусь” распавеў чаму і як ен асабіста стаў беларускамоўным:

– Мне 38 гадоў. Я 37 гадоў быў расейскамоўным і год таму я прыняў рашэнне перайсьці цалкам на беларускую мову.

Было шмат бар’ераў. Гэта цяжкая праца. Гэта не так проста.

Але гэта, я лічу, патрэбна рабіць абавязкова. Трэба да гэтага дарасьці, каб гэта было зроблена свядома. Не прымусова, не гвалтоўна, а свядома.

Бо я па сабе разумею, калі мне хтосьці ў свой час сказаў бы: “Размаўляй па-беларуску, а не па-расейску” – я,чалавек, які лічыў беларускую мову роднай усе жыцце – я бы ўспрыняй бы негатыўна і гэта мяне адштурхнула бы.

Таму Я РАЗУМЕЮ БЕЛАРУСАЎ, ЯКІЯ НЕ МОГУЦЬ ЗАРАЗ ПЕРАЙСЬЦІ НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ – усе іх жахі, хваляванні, усе бар’еры на гэтым шляху.

Апошнім момантам, апошняй кропляй, якая паўплывала на мой пераход на беларускую мову – гэта жнівень 2022-га года. Я сутыкнуўся з расіянкай, якая хацела вывучыць беларускую мову. Яна была настаўніцай у беларускай школе і праз палітычныя падзеі ў Беларусі была вымушана з’ехаць у 2020-м годзе ў Літву.

І яна сказала: “Я вучу беларускую мову, але я баюся яе зараз ужываць – баюся памыліцца”. Як я яе не прасіў – яна не змагла ніводнага слова сказаць, не захацела па-беларуску, бо ей было сорамна памыліцца.

У той дзень я вырашыў стаць прыкладам для такіх людзей як яна і пачаць з сябе. Паказаць людзям, што гэта не так складана. Што трэба пераходзіць на беларускую.

Памыляцца трэба, але трэба ЎЖЫВАЦЬ БЕЛАРУСКУЮ МОВУ.

(23 ліпеня 2023-га, Кіеў, беларуска-украінскі хаб «Сустрэча» – дыскусія, прысвечаная 33-й гадавіне абвяшчэння незалежнасьці Беларусі)