Дарога на вайнуАповед 15: “Ты меня оставил одну”Калі ў мяне запытваюць “Што было самым цяжкім на вай…

Дарога на вайну
Аповед 15: “Ты меня оставил одну”

Калі ў мяне запытваюць “Што было самым цяжкім на вайне?”, то заўсёды маюць на ўвазе рэчы, звязаныя непасрэдна з баявымі дзеяньнямі. І я магу адказаць на гэта пытаньне ў адпаведным – вайсковым ключы.

Але, калі браць усе акалічнасьці, то на вайне для мяне самым цяжкім вайна не была. Самым цяжкім на вайне для мяне быў эмацыйны стан маіх блізкіх, асабліва маёй дзяўчыны, якая больш за ўсіх эмацыйна перажывала мой выбар.

Я ўжо пісаў, як Люба 3-га сакавіка плакала, адгаворвала мяне але дапамагала збіраць валізку на вайну. 5 сакавіка мы пасварыліся калі я з Яварава агучыў, што планую пераначаць ноч, а не адразу вяртацца ў Польшчу пасля адмовы прыняць мяне па нацыянальнай прыкмеце ў інтэрнацыянальны легіён.

І вось сеньня, 6 сакавіка 2022, я за 6 хвілін атрымаў ад яе 141 адно аднолькавае паведамленьне: “Ты оставил меня одну”. Гэта быў крык ейнай душы.

Побач з ёй, у Вільні, былі беларусы, якія з аднаго боку падтрымлівалі яе: “Какой Саша молодец, что поехал”, і тут жа, праз секунду, дадавалі, быццам укалачвалі цвік у труну: “…но как он смог оставить тебя одну!? Да еще с детьми!”

Нейкі дурань (інакш не хачу і казаць) напісаў у групе, дзе была Люба: “туда поехали те, кому нечего терять. Ну нет работы постоянной, нет семьи здесь. Вот как мне, например. Мне терять нечего, вот поэтому моя цель там”.

Губляць заўседы ёсьць што. База: гэта, як мінімум, здароўе і жыцьцё. Я ў такія моманты заўседы ўспамінаю “Папіка” (загіне 26.06.2022 пад Лісічанскам), які мне ноччу ў выкапаным намі акопе ля воднай пераправы праз Северскі Данец казаў: “я тут, потому что у меня двое детей. Я не хочу, чтобы русские пришли домой к ним и моей жене”.

У адрозненьні ад маёй прамой логікі і разуменьня неабходнасьці утрымаць Кіеў, Люба ўспрымала маё рашэньне інакш: яна лічыла, што вайна была проста повадам, каб пакінуць яе. І гэта паглыбляла яе перажываньні за маё жыцьцё, дадаючы да іх яшчэ і гэтыя іррацыянальныя высновы, якімі я дакладна не кіраваўся (навошта чакаць вайны, каб разарваць стасункі?)

Эмацыйны стан маей Любы – гэта самае цяжкае праз што мне прыйшлося прайсьці падчас знаходжаньня на вайне. Асабліва цяжкай ў гэтым моманце будзе вясна 2022 года.

#беларусьбудзевольнай
#зрабікуськабвызваліцьбеларусь