Дарога на вайнуАповед 13: Цэнтр уцекачоўЁн размяшчаўся ў асобна стаяўшым будынку са спартовай заляй …

Дарога на вайну
Аповед 13: Цэнтр уцекачоў

Ён размяшчаўся ў асобна стаяўшым будынку са спартовай заляй унутры. Гэта заля была хіба крышку меншая, але такая ж усім нам знаёмая з дзяцінства – як у маёй школе №19 у горадзе Баранавічы, як у будынку прафесійна-тэхнічнага вучылішча ў Часовым Яру куды праз 9 месяцаў прыляціць расейская міна падчас таго як Г(ідра) будзе знаёміць нас з сапагом.

Тыя ж футбольныя брамы, якія зараз сталі вешалкай для паліто, той жа баскетбольны кошык і, самае адметнае, тыя ж яскравыя колеры разметкі для спартыўных гульняў на драўлянай падлозе. Толькі вокны крышку адрозніваліся і не было драўляных “шведскіх” сценак.

Гэта месца калісьці ведала зусім іншыя гукі: рып красовак па лакаваным дрэве, звонкі ўдар мяча аб шчыт, азартныя крыкі падлеткаў.

А зараз тут шчыльна ляжала некалькі дзясяткаў матрацаў, адзін да аднаго. Яны былі нібы астраўкі ў акіяне невядомасьці. Кожны такі астравок – гэта нечая крэпасьць, абмежаваная сумкамі, пакетамі і вузламі. Гэта койка-месцы для украінскіх уцекачоў, якія цэлымі сем’ямі беглі ад вайны ў Польшчу.

Над маім матрацам злева ад уваходу на вакне вісеў бел-чырвона-белы сцяг. Яго пашыла па майму заказу ўнучка Ніны Багінскай у Вільні.

У куце, пад высокімі вокнамі, праз якія льецца халоднае яшчэ сакавіцкае святло, стаіць дзіцячы ложачак. Ён выглядае чужародна ў гэтым месцы чалавечых трывог і невызначанасьці. Побач, на імправізаваным стуле, сядзіць згорбленая бабуля ў хустачцы. Яна не глядзіць у тэлефон і не чытае навін. Яна проста глядзіць у пустэчу перад сабой, і ў гэтым позірку – увесь шлях ад роднага, з дзяцінства знаёмага дома, да гэтай залі, дзе футбольная брама стала вешалкай для паліто, а спартыўныя маты – апошнім прытулкам перад чужой мяжой.

Гэта месца – кропка паміж “ужо не дома” і “яшчэ не на чужыне”. Тут час не ідзе, ён цягнецца як у залі чаканьня, дзе замест радасьці сустрэч і самоты раставаньняў – чаканьне начнога гуманітарнага канвоя з бусікаў на ўкраіна-польскую мяжу, роспач, невядомасьць і маўклівае пытаньне: “што далей?”.

Усе, хто выходзіў адсюль, трымалі свой шлях на захад. І толькі мы, будучыя беларускія добраахвотнікі, плылі супраць гэтай плыні ўцекачоў – на ўсход. У Кіеў. Подступы да якога былі ахоплены полымем расейскай агрэсіі.
#belarusbudzevolnai
#zrabikus