Надвор’е добрае, сонечнае. Адкуль толькі ўзялося так раптоўна столькі баговак ды розных жучкоў! Усе …

Надвор’е добрае, сонечнае. Адкуль толькі ўзялося так раптоўна столькі баговак ды розных жучкоў! Усе яны пачулі сонечная цяпло і бегаюць па зямлі ў вялікай колькасьці.

Наш палкавы дроншчык карэгаваў мінамёты і АГС. Мы “чаргавалі”. Украінскі дроншчык Марпех маўчаў.

Я прылёг на сонейка пад кусьцікам недалёка ад сапага так, каб не быць заўважаным варожым дронам.

Бача схаваўся пад дрэвам і назіраў у бок лініі фронту – адтуль ваўсю даносіліся гукі бою.

На дзіва, руская артылерыя амаль не працавала. Ці то снарадны голад у іх, ці то нешта іншае. Нашы снарады і міны крылі рускіх няшчадна.

У гэты час я канчаткова для сябе зразумеў, што калі ў пэўны момант не задзейнічаны актыўна ў баю, рана прачнуўся і прыходзіцца чакаць, то
ГУКІ БОЮ ЎЗДЗЕЙНІЧАЮЦЬ НА МЯНЕ ЯК КАЛЫБЕЛЬНАЯ. Пад іх мне становіцца спакойна і цягне ў сон. Так было і ў Лазавым, калі мы 4 гадзіны сядзелі нявыспаныя пад абстрэлам і чакалі. Так адбывалася і зараз.

Я пачаў драмаць, лежачы на зямлі і прыслухоўваючыся ці не выклічуць нас па рацыі.

Прайшоў нейкі час.

З дромы мяне вырвала раптоўна.
Блізкі разрыў! Я адчуў запах пораху. У вушах зазвінела. Паветра застлала дымам – вецер дзьмуў на нас з паўднёвага ўсходу.

Я хуценька ўскачыў, крыху пашкодзіўшы аб нешта да крыві далонь.

– У бліндаж! – крыкнуў я Бачы, упэўніўшыся, што яго не пашкодзіла…

Ужо седзячы ў бліндажы мы налічылі яшчэ пяць прылетаў. Кожны наступны разрыў грымеў недзе бліжэй да дарогі і далей ад нас.

05 красавіка 2023, Мінькіўка