“34-гадовы беларус Васіль Верамейчык ваяваў на баку Украіны амаль год. Потым ён вярнуўся да сям’і -…

“34-гадовы беларус Васіль Верамейчык ваяваў на баку Украіны амаль год. Потым ён вярнуўся да сям’і – у Літву. Яго дзіця вучыцца з маімі дзецьмі ў адной школе.

Літва прызнала Васіля пагрозай нацыянальнай бяспецы за службу ў беларускім войску 8 гадоў таму. Васіль сам расказаў пра гэта ў анкеце, якую запаўняў для Дэпартамента бяспекі.

Верамейчыку было забаронена знаходзіцца ў ЕС і зоне Шэнгена. У ЎКРАІНЕ ЯМУ ТАКСАМА НЕЛЬГА БЫЛО ЗНАХОДЗІЦЦА да 2025 года. У чаце беларускіх журналістаў зараз называюць версію, чаму Украіна забараніла Верамейчыку ўезд. Яна не пацверджана пакуль ніяк, таму я не буду пісаць яе тут.

Карацей, паехаў гэты беларус, не патрэбны ні тут, ні там у В’етнам. А адтуль яго дэпартавалі ў Беларусь. Ёсць у лукашэнкаўскім крымінальным кодэксе адзін артыкул, які могуць прышыць Васілю і спакойна яго караць смерцю. Ну ці пасадзіць на гадоў 15-20.

Мне адной здаецца, што беларускія ветэраны нікому насамрэч пасля вайны не патрэбны? Што яны быццам мяса, якое карысна і значна, пакуль гатова сабой ахвяраваць. А потым – ну як Бог дасць. Можам выслаць, можаш сам сабе пад цягнік кінуцца, можаш лячыць свае ныркі як хочаш – сам жа застудзіў іх у акопах. Мы пасля смерці цябе пашкадуем і нават медаль дамо, будзем зваць героем. Бо пасля смерці ты такі зручны.

Можаш не вытрымаць узроўня абыякавасці ад тых, хто павінен бы дапамагчы, не зладзіцца з сілай зачыненых дзвярэй і памерці, абдымаючы абраз. І гэта зусім не метафара…”

Алена Дубовік https://www.facebook.com/share/p/UnNFBzEvmTWSLxma/

На фота: Васіль “Пацук” Верамейчык і “Кусь” ў вызваленым ад расейскіх акупантаў сяле Лазавое, 27 траўня 2022 года.