Раніца апошняга майго дня ў Нью-Ёрку.Перад намі стаіць задача знайсьці новую пазіцыю для нашага сапа…

Раніца апошняга майго дня ў Нью-Ёрку.

Перад намі стаіць задача знайсьці новую пазіцыю для нашага сапага.

На мой планшэт занесены каардынаты цэляў у трох сектарах паўднёвых пазіцый ворага.

Мы аб’ехалі некалькі зруйнаваных прамысловых тэрыторый Нью-Ёрка. Тут былі добрыя пазіцыі для сапага. Было і ўкрыццё. Але ўсё было цалкам разварочана ад расейскіх прылётаў. Што сведчыла аб тым, што ЗСУ таксама аблюбавалі гэтыя пазіцыі. Але і рускія прыстраляліся па ім.

На адной з патэнцыйных пазіцый мы выставілі сапог, каб дакладней вызначыць магчымасьць пакрыцця агнём патрэбных нам сектароў.

З плюсаў: тут было ўкрыццё для нас, і арыентыр для стральбы на адлегласьці некалькіх сот метраў. Таксама, як навучыў мяне Г(ідра), перад нашай пазіцыяй знаходзілася маскіровачная перашкода ад прамога бачання нас з невысока пралятаючага дрона – бетонны плот.

Але адзін вялізны мінус перакрэсліваў усё: трэці сектар мы не маглі цалкам накрываць агнём – заміналі высокія дрэвы. Спілоўваць іх ў нас не было ані жадання, ані магчымасьці, ані сэнсу (працэс мог дэмаскіраваць нашу пазіцыю).

Да нас пад’ехалі нашыя ССО-шнікі. З імі мы завіталі да размешчаных недалёка ўкраінскіх дроншчыкаў, якія павінны стаць нашымі вачыма падчас працы з сапагом.

Звычайны двор прыватнага дома сельскага тыпу.

Сабачая буда зіяла пустатой. Іржавыя санкі сіратліва прытуліліся да сцяны. Шыфер на дахах альбо адсутнічаў альбо быў моцна пашкоджаны ад прылётаў.

Беспарадак, занядбайнасьць і сляды вайны – тры словы, якімі я магу коратка апісаць тое, што было вакол мяне ў гэтым двары.

Я заглянуў у расчыненыя дзверы – сярод беспарадку даўно пакінутага гаспадарамі жытла стаяла расчыненая скрыня савецкіх часоў з гранатамі Ф-1.

Дроншчыкі працавалі ў склепе пад гаспадарчай прыбудовай. Выхад са склепа быў надзейна схаваны ў П-вобразным дворыку, закрытым з трох бакоў жылымі і нежылымі пабудовамі з чырвонай цэглы.

Зажужаў, зніжаючыся на падрыхтаваную з падручных матэрыялаў пляцоўку, дрон.

На паверхню падняўся адзін з дроншчыкаў. Падняўся, каб хуценька замяніць батарэю ў бесперапынна працуючым дроне і запусьціць яго ізноў у паветра з зараджаным акумулятарам.

Дрон у пастаянным рэжыме адсочваў абстаноўку і перасоўванні расейцаў на паўдневых падыходах Нью-Ёрка. Карэгаваў агонь украінскай артылерыі.

Рацыі не працавалі пад зямлёй у склепе дроншчыкаў. Таму яны, часам, выходзілі на паверхню, каб злавіць хвалю.

Асноўным сродкам сувязі была аплікацыя “Signal”. Яна працавала праз старлінк без якога на сучаснай вайне было б дрэнна.

(На фота: Ваяр з ССО-шнікам ідзе да дзвярэй склепа ўкраінскіх дроншчыкаў, 28 лютага 2023, Нью-Ёрк)