На мерапрыемстве ў Коўне 2 снежня 2023-га года была зачытана частка звароту да прысутных чальца наша…

На мерапрыемстве ў Коўне 2 снежня 2023-га года была зачытана частка звароту да прысутных чальца нашай суполкі Аляксандра “Кусь” Клачко.

Прыводзім зварот цалкам:

“Я, беларускі добраахвотнік ва Ўкраіне, Аляксандр “Кусь” Клачко, віншую Рэспубліку Літву з адсвяткаванай нядаўна ўрачыстай датай – 105-годдзем літоўскага войска.

Кажучы пра падзеі тых гадоў, я, як беларус, не магу не ўзгадаць пра ўдзел у іх беларусаў, нараўне з літоўцамі і людзьмі іншых нацыянальнасцяў.

«Ва ўпартых бітвах, выганяючы бальшавікоў з Літвы, паміж беларусамі і літоўцамі завязалася моцнае воінскае сяброўства», – піша гісторык, вядомы дзеяч літоўскай эміграцыі ў Штатах Эрнэстас Лукашавічус пра падзеі 1919-га года.

Калі літоўскія падраздзяленні былі накіраваны змагацца з бермантаўцамі, кулямётчыкі-беларусы напісалі ім кранальны ліст – на развітанне:
«… Пасля амаль чатырох месяцаў працы рука ў руку, плеч а плеч на полі бітвы супраць ворагаў вашай і нашай свабоды і незалежнасьці, з болем у сэрцы мы развітваемся з вамі. Сардэчна жадаем вам як мага хутчэй выгнаць усіх нашых ворагаў з Літвы і Беларусі і жывымі вярнуцца на радзіму».

Пасля расфарміравання ў 1923-м годзе лёсы беларускіх афіцэраў і воінаў склаліся па-рознаму. Па іроніі лёсу, менавіта Літве ў міжваенны перыяд было прыгатавана стаць захавальніцай беларускай мовы і культуры, як справядліва выказаўся ў сваіх успамінах А. Ружанцоў.

Тут мова развівалася і жыла, тут знайшлі прытулак дзясяткі творцаў і лідэраў Беларускай Народнай Рэспублікі ў той час як іх радзіма была разарваная на кавалкі інтэрвентамі.

Тое самае з Беларуссю адбываецца і сёння:

Беларусь фактычна акупавана калябаранцкім прамаскоўскім нелегітымным рэжымам лукашэнкі, які зьнішчае беларускую мову, беларускую гісторыю і культуру. Сцірае грань паміж беларусамі і рускімі. Тым самым фактычна працягваючы 200-гадовую палітыку русіфікацыі Беларусі, накіраваную на паглынанне нашай радзімы расейскай імперыяй.

Сёння на вуліцах Мінска пачуць беларускую гаворку можна таксама рэдка, як на вуліцах Каўнаса італьянскую.

Літоўцы памятаюць сваіх кніганош, подзвіг якіх увекавечаны ў бронзавай скульптуры ў Коўне. Літоўская мова – адна з найвялікшых каштоўнасцяў для кожнага сапраўднага літоўца. Мы, беларусы, з павагай адносімся да літоўскай мовы.

Найвялікшая каштоўнасць для нас, беларусаў, наша беларуская мова, якая практычна цалкам выцеснена расейскай на нашай радзіме. Таму мы, беларусы, удзячныя Літоўскай рэспубліцы за беларускамоўную школу імя Францішка Скарыны, якая дазваляе нашым дзецям вывучаць родную беларускую мову адначасова з літоўскай.

Сёння Беларусь акупаваная не толькі антыбеларускім рэжымам лукашэнкі, але і імперскай расеяй. Акупавана ў 2022-м без адзінага стрэлу, на жаль. Як Крым у 2014-м, як Літва ў 1940-м.

Літоўцы ведаюць што такое акупацыя. Акупацыя – гэта страшна. І не важна гібрыдная яна ці прызнаная сусветнай супольнасьцю.

Мне не так страшна было знаходзіцца 7 месяцаў у Бахмуце, як у Беларусі ў першыя 4 месяцы пасля выбараў у 2020-м годзе. Кожны дзень у Беларусі мне было страшна 3 гады таму. Сёння на маёй радзіме яшчэ больш страшна ў плане рэпрэсій.

Мы, беларускія добраахвотнікі, сёньня змагаемся на тэрыторыі Ўкраіны супраць расейскай імпэрыі.

Але не вызваленне Украіны наша галоўная мэта. Гэта толькі палова шляху. Мы – беларусы. Наша галоўная мэта – вызваленне Беларусі і магчымасць вярнуцца на сваю радзіму да сваіх блізкіх, свабодна дыхаць паветрам свабоднай краіны, быць пахаваным побач са сваімі дзядамі і прадзедамі.

Толькі палітычнае ці ваеннае аслабленне расеі, як імперыі, дасць шанец нам, беларусам, вызваліць Беларусь…”