СПГ-9. Як Мыш карэгаваў наш сапог (аповед 11)На другім паверсе (частка 1/4)- Мы страляць не будзем, …

СПГ-9. Як Мыш карэгаваў наш сапог (аповед 11)
На другім паверсе (частка 1/4)

– Мы страляць не будзем, так што не хвалюйцеся, – супакоіў я гаспадара дома, які падымаўся па лесвіцы следам за мной.

– Не, не, я все понимаю…, – адказаў ен.

Гаспадыня таксама падымалася разам з намі. У нейкі момант гаспадар вярнуўся на першы паверх. А гаспадыня запытала:

– Какая сторона вам нужна?
– Туды, на “Сметнік”, – адказаў я, заходзячы ў адзін з пакояў.
– Сюда, – адказала яна, адкрываючы пластыкавае вакно.

Чамусьці яна зразумела слова “сметнік” і павязала наша абазначэнне ў Крапіве (“Мусорка”) з тым аб’ектам мясцовасьці, які быў ей знаемы. Відавочна, што ў тым месцы і сапраўды захоўваліся нейкія смеццевыя адходы.

Шыба вакна была цалкам залеплена празрыстым скотчам. Праз адчыненую створку палілося багата сонечнага святла, якое нават асляпляла.

Глухая палавіна вакна дадаткова была закрыта куском картона і, невядома для чаго, цэлафанам. Прычым картон быў замацаваны дошкамі наўпрост ўзятымі на самарэзы да самой пластыкавай рамы.

З гэтага першага вакна адкрываўся краявід на дах суседняга жылога дома і голыя галіны дрэва побач з ім. Недзе за імі быў патрэбны нам будынак з рускімі. Але няўзброеным вокам бачна яго не было.

Мы прайшлі ў другі пакой. Там таксама было вакно. Яно глядзела на іншы бок свету, але таксама часткова глядзела ў патрэбным нам накірунку.

– Вось тут лепш, – пракаментаваў я.

Тут не было будынкаў і высокіх дрэваў ў бок нашай цэлі. Але белая дымка не дазваляла ўбачыць яе вокам.

– Тут еще балкон есть. Можно на него выйти, – паказала мне жанчына дзверы на балкон, застаўленыя шафай.
– Не, лепш з вакна, – адказаў я, разумеючы, што з балкона буду лепш бачыць не толькі я, але і вораг мяне.

– Говор у вас белорусский, – пракаментавала гаспадыня толькі зараз, адчыняючы мне вакно.
– Да, ёсьць такое, – адказаў я.
– Белорус? – здзівілася яна.
– Ага, – немнагаслоўна падцвердзіў я, нежадаючы падрабязна расказваць грамадзянскай асобе з невядомымі мне позіркамі, тым больш у зоне баявых дзеянняў, тое СВАЕ БЕЛАРУСКАЕ, што звычайна з ахвотай і вялікім задавальненнем транслюю людзям, якія мала чулі пра Беларусь, альбо бачаць нас толькі ў ролі суагрэсара на баку расеі ў гэтай вайне.