Я толькі-толькі вярнуўся ва Украіну з Вільні. Стаяў канец верасня 2022 года. Я знаходзіўся на нашай тагачаснай базе палка Каліноўскага на вуліцы Сасніных.
Я вярнуўся ў перафарматаваны (з кропкі гледжання структуры вайсковых падраздзяленняў) полк Каліноўскага.
Марк запытаўся ў мяне ў якім накірунку вайсковай працы я сябе бачу. Я адказаў – у ПТРК (супрацьтанкавы ракетны комплекс). Аўтамат я асвоіў. Выбар на ПТРК, не ў апошнюю чаргу, паў з-за жадання супрацьстаяць сіле, якая забіла нашых хлопцаў пад Лісічанскам 26 чэрвеня 2022 – танк, (расейская браня). Сілы, да якой я ставіўся з павагай.
Марк пры мне набраў Курсанту. Той плюсануў па маёй кандыдатуры (хаця блізка мы не былі знаёмы).
На шляху да фронта заставалася адна перашкода – атрыманне ваенніка. Ад мяне патрабавалася проста чакаць.
Дзень стаяў цёплы, сонечны. Я прагуляўся ў “Ашан”, што быў побач. А потым проста прайшоўся па блізкім дварам спальнага раёна Кіева.
Так я выйшаў да невялікага, магчыма штучнага, азярца. Па радыюсу яго ішла дарожка з вербамі абапал яе. Стаялі лавы. Я прысеў на адну з іх.
Міма праходзіла сталая пара. Мужчына падыйшоў да мяне з просьбай дапамагчы разабрацца ў налаштунках вайбера на ягоным тэлефоне.
Я ўзяў тэлефон і пачаў “чараваць”. Раптам на тэлефон, што быў у маіх руках, прыйшло паведамленне аб пералічанай на рахунак суме. Там было каля 5 000 грывень (140 еўра па тагачаснаму курсу).
Мяне здзівіла такая маленькая сума.
– Пенсія прыйшла, – пракаментаваў мужчына.
– Гэта ўся пенсія? – не паверыў я.
– Так, – быў ягоны адказ.
Справа ў тым, што я адвык ад такіх лічб. У Літве гэту суму на звычайнай працы я зарабляў за тры дні. І я не разумеў як можна месяц на яе пражыць. Але ўспомніў, што беларускія пенсіі не нашмат адрозніваюцца (хай і ў большы бок).
Гэты выпадак потым меў уплыў на маё стаўленне.
Так, напрыклад, мне не па сабе было, калі я нешта купляў, апрануты ў вайсковую форму ў прыфрантавой зоне, і прадаўцы ўласнай прадукцыі, асабліва сталыя, з шэрагу мірных (грамадзянскіх) прапаноўвалі мне зніжку пры набыцці іх тавара.
Рабілі яны гэта з-за пачуця ўдзячнасьці за справу, якую мы і ўсе ўкраінскія вайсковыя робім.
У такія моманты я ўспамінаў, што ладна я на кантракце. Але як выжываюць яны падчас вайны, калі эканоміка знаходзіцца не ў лепшым стане.
(Пры гэтым у мяне была здаровая непрыязьнь да мужыкоў, якія пабіраліся ля крам, выпрошваючы грошы ці то на цыгарэты, ці то на ежу, ці то на алкаголь. Не цураліся яны прасіць і ў вайсковых. Насупраць. Ведалі, што грошы ў нас ёсьць – таму і прасілі. Ніхто не замінаў ім бараніць сваю зямлю і быць на забеспячэнні ўкраінскай дзяржавы. Такім я адмаўляў).
Таксама нас у форме даволі часта прапускалі ў чарзе. Калі гэта былі даволі маладыя людзі альбо я спяшаўся, то прымаў прапанову з падзякай. Калі гэта была старэнькая бабуля, то я адмаўляўся, пры гэтым дзякуючы ёй за неабыякавасьць.