СПГ-9. Двухгадзінныя курсы ад ўкраінскіх “сапожнікаў” (аповед 2)Тэарэтычнае навучаннеНас сустрэлі цё…

СПГ-9. Двухгадзінныя курсы ад ўкраінскіх “сапожнікаў” (аповед 2)
Тэарэтычнае навучанне

Нас сустрэлі цёпла.

Камандзір украінскага разліку сапага запытаўся пра Г(ідру). (Яму спадабалася ягоная прага да ведаў падчас сумеснага вывучэння ім сапага.)

Выкурыўшы (хто паліў) па цыгарэце, перайшлі да справы.

Камандзір украінскага разліку прабегся па тэорыі асновам працы з сапагом, пачынаючы з самага пачатку – выбара пазіцыі і вызначэння яе каардынат. Мы з Воскарам уважліва лавілі кожнае слова. Мыш і Р(ыгор) стаялі побач.

Узяўшы ў рукі наш прыцэл, камандзір разліку адразу звярнуў увагу на значны нюанс, які меў месца але пра які мы нічога не ведалі. Не ведаў пра гэты нюанс (як потым высветлілася) і Г(ідра), які праводзіў наша навучанне працы з сапагом:

На самім прыцэле есьць дзве рыскі. Гэтыя рыскі абавязкова павінны супадаць, то бок павінны быць выстаўлены так, каб знаходзіліся адна насупраць другой. Дапускалася да 0,5 мм пагрэшнасьць. Мы не ведалі гэтага. Нашы рыскі не супадалі на 5-7 мм. У які момант яны збіліся – невядома. Але гэта змяшчэнне ўжо давала недакладнасьць першаму стрэлу.

Другі момант на які звярнуў увагу камандзір украінскага разліку – гэта дакладнасьць вызначэння каардынат пазіцыі сапага і арыентыра. Планшэт дазваляў мне вызначыць пазіцыю з пагрэшнасьцю да 3,8 метраў. Гэта было зашмат. Максімальна дапушчальная пагрэшнасьць павінна быць да 1,5 метраў. Для гэтага неабходна набываць спецыяльны GPS-трэкер.

Трэці момант я ўдакладніў сам, запытаўшыся:
– Як вы ажыцяўляеце карэктыроўку сапага?

– В основном с дронов. При возможности – с камер, установленных на высотках, – адказаў мне ўкраінскі камандзір.

– А пехота вас карэгуе? – задаў я хваляваўшае мяне пытанне.

– Фактически никогда. Корректировка пехоты – самая неточная. Для корректировки “с земли” необходимо иметь знания и навыки. Плюс есть объективный момент – сложно корректировать огонь по цели, когда над твоей головой свистят пули и ты лишний раз не можешь нормально высунуться. Корректировка пехотой допускается только когда нет других вариантов – когда полная ж*па и нужно поддержать огнем, – быў катэгарычны адказ украінскага вайсковага.

Яшчэ абмеркавалі дакладнасьць стальбы рознымі тыпамі снарадаў з рознай маркіроўкай. Мы ведалі ад Г(ідры) і камандзір украінскага разліку нам падцвердзіў, што снарады міннага тыпу вельмі недакладныя. Імі можна крыць сектар. Але дакладнага стрэлу яны не даюць. Да таго ж трэба ўлічваць, што яны пералятаюць, звычайна, на 300 метраў ад разлічаных Крапівой параметраў.

Наступным крокам нашага навучання была практычная стральба з сапага па рэальным баявым цэлям акупантаў у Бахмуце.