Бахмут. Люты.Працоўныя будніаповед 17частка 8.1Каліброўка прыцэлаКаліброўку мы рабілі разы тры. Два …

Бахмут. Люты.
Працоўныя будні

аповед 17
частка 8.1

Каліброўка прыцэла


Каліброўку мы рабілі разы тры. Два з іх былі з маім удзелам. Апішу адзін выпадак такой працы.

Г(ідра) навучыў Воскара “таямніцам” гэтага працэсу. Я вывучаў яе (таямніцу) па электроннаму дапаможніку (дапаможнік быў закачаны на мой планшэт з Крапівой) на баявых выездах у Бахмут альбо ў сырым вільготным склепе Часовага Яра.

Калібравалі ў двары ПТВ (тут 13 лютага разарваўся расейскі снарад).

Для каліброўкі лева-права мы выкарыстоўвалі “малюнак Г(ідры)” (выверачную мішэнь). Вешалі яго на сцяну. Насупраць, за пяць дзясяткаў метраў, выстаўлялі ў баявае становішча сапог.

Пляцоўка пад ім павінна была быць роўнай. Чаго не было. І мы з падручных сродкаў (цэгла, дошкі, шматкі фанеры) выстаўлялі сапог у гарызантальнае становішча, падкладаючы іх пад кожную з трох ног сапага.

Звычайнай белай ніццю, якую перафарбавалі для бачнасьці ў чорную канцэлярскім маркерам (бо чорнай ніці не знайшлі) зрабілі перакрыжаванне ў рызыках дульнага зрэзу ствала гранатамёта.

Механізмы прыцэла мы выставілі на нуль. Бурбалкі папярочнага і бакавога ўзроўняў – у сярэдняе становішча. Надалі гарызантальнае становішча ствалу і праверылі яго электронным узроўнем (які пазычыў нам Ш(ырма).

Дыёптра-пробніка, які, згодна інструкцыі, трэба было ўсталяваць у казённую часткі ствала, ў нас не было. Таму мы проста на вока прыцэльваліся праз скрыжаванне ніці на адпаведную метку на малюнку Г(ідры).

Дзяленні шкал бакавога ўзроўню “0” і “30” на прыцэле павінны былі супадаць з рызыкамі, нанесенымі на індэксах. Пасля шэрагу стрэлаў прыцэл асобнай наводкі збіваўся. Звычайна адхіленне, якое мы выпраўлялі, складала ад 30 да 45 метраў у той ці іншы бок.

Дзяленне “0” не супала з рызыкай на індэксе. Мы адкруцілі гайку, сумяшчалі “0” шкалы з рызыкай на індэксе і закруцілі гайку назад.

Дзяленне “30” таксама не супала з рызыкай на індэксе. Мы адкруцілі два шрубы, сумясцілі індэкс да супадзення яго з дзяленнем “30” і закруцілі шрубы назад.

(На фота: Кусь на пазіцыі “Жыгуль” вывучае інструкцыю да сапага. На дальнім фоне наш СПГ-9, старанна прыкрыты Бачой белай прастынёй ў мэтах маскіроўкі, у чаканні працы. Бахмут, 19 лютага 2023)