Працоўныя будні
аповед 17
частка 8.2
Я апускаю падрабязнасьці нашых дыскусій падчас зверкі прыцэла як правільна рабіць. Кожны з нас (акрамя Бачы, які не прэтэндаваў на паглыбленне ў гэту складаную на першы позірк тэму) ў той ці іншы момант працэсу прапаноўваў сваё бачанне вырашэння адносна новай для нас задачы. Але ў такіх выпадках інструкцыя з майго планшэта станавілася эталонам. Праз яе мы прыходзілі да агульнай згоды.
Кожны з нас (я, Ваяр, Воскар, Д(жон)) па чарзе глядзеў-вучыўся-правяраў дакладнасьць сумяшчэння скрыжавання ніцяў у дуле гранатамёта з адпаведнай адметкай на малюнку Г(ідры).
Шукалі разам падыходзячы інструмент, якім змаглі адкруціць мелкія шрубы.
Усё атрымоўвалася. І калі мы скончылі – здавалася, што гэта не так ужо і складана: калібраваць прыцэл.
Адзінае што мы не маглі выправіць (бо па інструкцыі ўсё паказвала на тое, што прыцэл у норме) – гэта дакладнасьць стральбы па дальнасьці. Снарады з гэтага нашага першага гранатамета пераляталі прыкладна на 150 метраў.
Мы проста ведалі гэта і я адымаў плюс-мінус гэту адлегласьць пры разліку настроек прыцэла падчас нашай працы па цэлям у Бахмуце. Пры гэтым улічваў блізасьць нашых пазіцый (лепш хай снарад прыляціць далей, чым па нашым).
Гэты наш першы сапог загіне пад Купянскам 7 кастрычніка 2023 года разам з Г(ідрай) і Бахусам.