Беларусаў лічаць памяркоўнымі. Успыхваюць дыскусіі: маўляў, адсюль нашыя беды. А мо мы надаем слову неўласьцівы сэнс?
Памяркоўны – ад меркаваць, думаць, раіцца; разьлічваць.
Яшчэ Іван Насовіч (1870) пачуў у народнай мове: Памяркоўны ‘сообразный с требованием обстоятельства’: Памяркоўнае вядзе жыцьцё. Памяркоўныя робіць выдаткі.
Пэўны прамоўца сьвядома навязвае іншае значэньне слова: «…Белорусы – люди такие «памяркоўныя». Они часто в истории, согнув голову, тихонько ходили по этой земле, боялись где-то слово промолвить« (2008)
Тут памяркоўныя = запалоханыя і пакорлівыя.
Але памяркоўны – не пакорлівы злу! А разважлівы. Можа, крыху запаволены. Зь ім можна згаварыцца: станоўчая якасьць чалавека заходняй цывілізацыі. Яшчэ памеркавацца азначае ‘паладзіць’:
Перастаньце сварыцца! Ніяк не памяркуюцца. Бо вазьму дубца, то памяркую вас (запісаў Фёдар Янкоўскі на Глушчыне).